Генеральны сакратар АДКБ: санкцыі супраць Беларусі непрымальныя

28.01.2011 17:22
Архив Редакция

Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бяспекі расцэньвае ўвядзенне санкцый Еўрапейскім Саюзам у дачыненні да беларускіх уладаў як "непрымальнае ўмяшанне звонку ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы". Такую заяву па беларускай сітуацыі зрабіў Генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа. 

«Прыняцце шэрагам еўрапейскіх арганізацый рашэнняў, якія змяшчаюць заклік увесці санкцыі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь і яе кіраўніцтва, тым больш ажыццяўленне такіх мераў выклікае сур’ёзную заклапочанасць», — заяўляе ён.

Генеральны сакратар лічыць, што такія абмежаванні «з’яўляюцца непрымальным умяшаннем звонку, наносяць шкоду развіццю канструктыўнага дыялогу ў Еўропе», — паведамляе прэс-служба АДКБ.

«Санкцыйныя меры і прад’яўленне ультыматумаў, забароны на выдачу візаў супярэчаць працэсам дэмакратызацыі палітычных, эканамічных і гуманітарных адносін і інтарэсам усіх еўрапейскіх дзяржаў, ніколі не спрыялі вырашэнню наяўных рознагалоссяў і, наадварот, толькі абвастрае існыя праблемы», — адзначыў Мікалай Бардзюжа.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы ў чацвер, 27 студзеня, прыняла рэзалюцыю, якая заклікае ЕС увесці санкцыі ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва за разгон мітынгу апазіцыі ў дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня.

Раней намеснік дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Філіп Гордан таксама заяўляў, што калі ў бліжэйшы час беларускія ўлады не вызваляць усіх затрыманых у сувязі з падзеямі ў Мінску, то Злучаныя Штаты гатовыя рабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі.