Генпракуратура адмовілася выдаць Бакіева па палітычных матывах

17.06.2010 08:50
Архив

Генеральная пракуратура Беларусі адмоўна адказала Генпракуратуры часовага ўрада Кыргызстана на запыт аб выдачы прэзідэнта Курманбека Бакіева па палітычных перакананнях. Пра гэта паведаміў начальнік арганізацыйна-інспектарскага ўпраўлення Генпракуратуры Кыргызстана Сумар Насіза.

«Генпракуратура Беларусі спаслалася на падпункт Е пункта 8 Кішынёўскі канвенцыі аб прававой дапамозе 2002 году, паводле якога выдача грамадзянаў не адбываецца, калі ёсць падставы меркаваць, што запыт звязаны з пераследам асобы па расавых, рэлігійных ці палітычных матывах», — сказаў прадстаўнік Кіргізскай Генпракуратуры, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Сумар Насіза выказаў неразуменне таго, якія палітычныя перакананні Курманбека Бакіева мае на ўвазе Генпракуратура Беларусі. Ён дадаў, што следчыя органы Кыргызстана прад’явілі афіцыйнае абвінавачанне Курманбеку Бакіеву па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку звязанае з забойствам грамадзян.

Сумар Насіза падкрэсліў, што менавіта па гэтай прычыне суд абраў Курманбеку Бакіеву ў якасці меры затрымання арышт. «Усе гэтыя дакументы мы прадставілі беларускаму боку і гарантавалі, што Бакіеў будзе адказваць толькі за канкрэтныя дзеянні і не будзе пераследвацца па палітычных ці іншых матывах і што справа будзе вырашацца выключна судом», — сказаў прадстаўнік Генпракуратуры Кыргызстана.

Сумар Насіза дадаў таксама, што кіргізскі бок будзе працягваць дамагацца ад Беларусі выдачы прэзідэнта Кыргызстана. «Мы выканалі ўсе патрабаванні ў рамках канвенцыі… Я думаю, што беларускі бок прынялў палітычнае рашэнне, а не рашэнне ў адпаведнасці з канвенцыяй, прымаючы пад увагу тое, што прэзідэнт Беларусі афіцыйна заявіў, што Бакіеў знаходзіцца пад ягонай абаронай і любыя патрабаванні аб экстрадыцыі не будуць разглядацца», — канстатаваў прадстаўнік Генпракуратуры Кыргызстана.