Генпракуратура патрабуе ўзмацніць кантроль за прафілактыкай пажараў

28.04.2011 12:53
Архив Редакция

Генеральная пракуратура Беларусі накіравала пракурорам абласцей, Мінску, транспартнаму і ваенным пракурорам указанне аб узмацненні нагляду за выкананнем заканадаўства аб прафілактыцы пажараў. Генпракуратура раскрытыкавала мясцовыя ўлады і кіраўніцтва беларускіх прадпрыемстваў за фармальнае стаўленне да гэтага пытання.

Згодна з законам «Аб пажарнай бяспецы» абавязак ажыццяўлення мерапрыемстваў па забеспячэнні пажарнай бяспекі на адпаведнай тэрыторыі ўскладзены на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Аднак у Генпракуратуры адзначылі, што часцяком іх бессістэмная праца, а таксама органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду МНС прыводзіць да трагічных наступстваў. Так, паводле статыстыкі Генпракуратуры, толькі за чатыры дні (з 21 па 25 лютага) на пажарах загінула 47 чалавек, 2 сакавіка — 14, 11 красавіка — 10.

«Фармалізм у працы па папярэджанні надзвычайных сітуацый і пажараў мае месца і пры праверках органамі дзяржаўнага пажарнага нагляду прадпрыемстваў, аб’яднанняў і таму падобнае. Нярэдка ў прадпісаннях штогод указваюцца адны і тыя ж парушэнні, якія сістэмна не выпраўляюцца, кантроль за іх выкананнем адсутнічае. Тым не менш, службовыя асобы, вінаватыя ў невыкананні патрабаванняў органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду, да адказнасці не прыцягваюцца, а для ліквідацыі выяўленых парушэнняў устанаўліваюцца новыя, яшчэ больш працяглыя тэрміны», — адзначылі ў Генпракуратуры.

Пракурорам даручылі штомесяц аналізаваць стан супрацьпажарнай бяспекі ў рэгіёнах, звяртаючы асаблівую ўвагу на адмоўную дынаміку гібелі людзей на пажарах. Па кожным факце пажару з гібеллю людзей Генпракуратура даручыла выяўляць прычыны і ўмовы, якія прывялі да гэтага, прынцыпова ацэньваць аб’ём праведзенай усімі суб’ектамі прафілактыкі працы.

Пры ўстанаўленні фактаў бяздзейнасці з боку службовых асоб органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і іншых суб’ектаў прафілактыкі пракурорам даручана прымаць меры рэагавання. Таксама даручана прыняць меры да забеспячэння няўхільнага выканання правілаў супрацьпажарнай бяспекі ў паселішчах, месцах масавага знаходжання і пражывання людзей: дзіцячых дамах, школах-інтэрнатах, дамах для састарэлых і інвалідаў.

Паводле статыстыкі, у першым квартале 2011 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года колькасць пажараў знізілася з 2,4 тыс. да 2,3 тыс., або на 3,5%. Разам з тым рост колькасці загінулых за тры месяцы адбыўся ў Магілёўскай вобласці з 36 да 72, у Берасцейскай — з 42 да 53, у Гомельскай — з 53 да 62, у Мінску — з 12 да 21.

Как вам новость?
Головоломки