Генпракуратура просіць бізнэсоўцаў "здаваць" чыноўнікаў

04.06.2010 10:40
Архив Редакция

Генеральная пракуратура Беларусі звярнулася да бізнэсоўцаў з просьбай актывізавацца ў барацьбе з карупцыяй. Адпаведны ліст Генпракуратура накіравала ў Рэспубліканскую канфедэрацыю прадпрымальніцтва. У якасці механізму барацьбы з карупцыяй сярод чыноўнікаў Генпракуратура прапанавала бізнэсменам інфармаваць адпаведныя органы аб фактах карупцыі.

«У цяперашні час рыхтуюцца змены і дапаўненні ў закон «Аб барацьбе з карупцыяй», — гаворыцца ў лісце. Генпракуратура просіць РКП «актывізаваць у межах прадастаўленых паўнамоцтваў свой удзел у барацьбе з карупцыяй», а таксама ініцыюе «падпісанне пагаднення паміж канфедэрацыяй і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі аб прыняцці мераў, якія прывядуць да адмовы прадпрымальнікаў удзельнічаць у карупцыйных схемах», перадаюць «Беларускія навіны».

У сваю чаргу, бізнэсоўцы прытрымліваюцца іншага меркавання, паводле якога службоўцы пастаўлены ў такія ўмовы, якія даюць ім магчымасць выконваць карупцыйныя злачынствы. Да таго часу, пакуль гэтыя ўмовы будуць існаваць, барацьба з карупцыяй не прынясе па-сапраўднаму дзейснага эфекту, мяркуе бізнэс-супольнасць.

«У заканадаўстве штрафы і пакаранні прапісаны «вілкай», напрыклад, ад 1 да 50 базавых велічынь. Гэта аўтаматычна прадугледжвае, што чыноўнік павінен прыняць рашэнне па памеры пакарання самастойна. То бок, у яго ёсць магчымасць выкарыстаць сваё службовае становішча з фінансавай выгадай для сябе», — распавёў віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Андрэй Карпунін, кажучы, што ў першую чаргу гэта датычыцца сістэмы пакарання.

«Былі спробы стварэння камісіяў для разгляду спраў па штрафах, але гэты механізм неэфектыўны, — падкрэсліў Андрэй Карпунін. — Трэба дакладна прапісаць, за гэта — такі штраф, за гэта — такі. Гэта будзе вялікім ударам па хабарніцтве і карупцыі».

Бізнэс-супольнасць, як адзначае эксперт, таксама заўсёды звяртала ўвагу на празмерную колькасць дазвольна-ўзгадняльных працэдур, выдача якіх выбудаваная па суб’ектыўным фактары. «Чыноўнік хоча — ўзгадняе, хоча — не ўзгадняе. Магчыма, у Мінску гэта не так адчувальна. Між тым у рэгіёнах, невялікіх гарадах даходзіць да адкрытага вымагальніцтва», — падкрэсліў Андрэй Карпунін.

Карпунін: «здаваць» чыноўнікаў — гэта неадназначны выхад з сітуацыі

Па словах эксперта, калі інфармаванне аб фактах карупцыі з’яўляецца ананімным, то праінфармаваць можна як па рэальным карупцыйным факце, так і ў сувязі з жаданнем проста адпомсціць прыстойнаму чыноўніку.

«Калі прадпрымальнік адкрыта заяўляе аб факце праявы карупцыі, то для яго развіццё падзей можа мець як станоўчы, так і адмоўны працяг. Так, удаецца перамагчы аднаго канкрэтнага чыноўніка. Але чыноўнік — гэта вінцік агромністай вялікай сістэмы дзяржкіравання. І калі дзяржкіраванне хоча хадзіць у чыстым мундзіры, яно будзе прадпрымаць ўсе намаганні, каб мінімізаваць негатыўныя наступствы аднаго зарваўшагася чыноўніка. Будзе дзейнічаць цішком, каб астатніх не цягнула паведамляць», — лічыць Андрэй Карпунін.

Шумчанка: «здаваць» чыноўнікаў бізнэсоўцы не будуць

У сваю чаргу, старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка перакананы, што прадпрымальнікі не будуць паведамляць аб фактах хабару. Па словах лідара «Перспектывы», даказаць такія факты складана. «Да таго ж бізнэс не будзе сам сабе падрэзаць крылы», — сказаў Анатоль Шумчанка.

Старшыня «Перспектывы» падкрэслівае, што ў чыноўнікаў шмат свабоды ў плане налічэння штрафных санкцыяў, і ў такіх сітуацыях хабар — гэта магчымасць працаваць. «Чыноўнік можа даць штраф у 100 млн. рублёў або 50 млн. рублёў. Гэтая розніца будзе каштаваць бізнэсоўцу магчымасць працягваць працаваць і ўтрымліваць сям’ю», — адзначыў адзін з лідараў беларускіх прадпрымальнікаў.

Пры гэтым Анатоль Шумчанка не верыць у тое, што ўлады моцна заклапочаны сітуацыяй з праявай карупцыі, асабліва ў дачыненні да малога бізнэсу. «Калі б быў клопат і патрэба ў ліквідацыі карупцыі пры ўдзеле бізнэсу, не забівалі б раздробны гандаль у Мінску, які прыносіць даходы і падаткі ў бюджэт, каб дагадзіць буйному бізнэсу. Між тым, што гэта, як не карупцыйныя праявы?», — Канстатаваў лідар «Перспектывы».

Как вам новость?
Головоломки