Генпракуратура выявіла 87 карупцыянераў у сферы ЖКГ

08.04.2010 15:13
Архив Редакция

Генеральная пракуратура Беларусі правяла аналіз стану барацьбы з карупцыяй у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэспублікі. "Па выніках праверкі за мінулы год Генпракуратура выявіла 87 карупцыйных злачынстваў, а таксама праверыла эфектыўнасць мер, якія прымаюцца міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі з мэтай процідзеяння карупцыі", — распавялі ў Генпракуратуры.

«Большасць карупцыйных злачынстваў звязаныя з крадзяжом шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (26), службовымі падробкамі (26) і хабарніцтвам (19). Высокі таксама ўзровень злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі (14)», — паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры.
 
Як паведамляецца, напрыклад, у Мінску дырэктар УП «ЖЭС № 44» у 2008 годзе шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі па папярэдняй змове з галоўным бухгалтарам пазначанага ЖЭСа, шляхам незаконнага налічэння сабе заработнай платы ў завышаным памеры выкраў грашовыя сродкі, якія належаць прадпрыемству, у суме больш за 42 млн. рублёў.

«Аналагічным чынам бухгалтарка УП «ЖРЭТ Чыгуначнага раёна Віцебску» за перыяд 2008 года выкрала грашовыя сродкі прадпрыемства ў памеры больш за 56 млн. рублёў. Таксама намеснік галоўнага бухгалтара УП «ЖРЭА Завадскога раёна» Мінска сумесна з яшчэ чатырма бухгалтарамі з 2005 года па 2008 год выкралі больш за дзесяць мільёнаў рублёў», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Як лічаць у Генпракуратуры, асноўнай прычынай здзяйснення крадзяжоў не толькі ў Мінску, але і ў цэлым у арганізацыях краіны з’яўляецца адсутнасць на прадпрыемствах належнага ўнутрыгаспадарчага кантролю, што дазваляе службовым асобам злоўжываць сваімі паўнамоцтвамі.

У сувязі з гэтым, Генпракуратура ўнесла прапанову міністру жыллёва-камунальнай гаспадаркі «прыняць вычарпальныя меры па ўхіленні і недапушчэнні ў далейшым выяўленых парушэнняў заканадаўства пра процідзеянне карупцыі».

Как вам новость?