Генпракуратура завяла справу за каментары на сайце незалежнага СМІ

29.04.2010 17:17
Архив Редакция

Рэдактар незалежнага інтэрнэт-партала "Хартыя 97" Наталля Радзіна 29 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла, што Генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу за каментары на сайце "Хартыі 97". Па словах журналісткі, пра ўзбуджэнне справы ёй стала вядома ад праваабаронцы Алега Воўчака.

«У каментарах да артыкулаў на сайце Генпракуратура ўгледзела «абразу і паклёп», — заявіла Наталля Радзіна, паведамляе прэс-цэнтр «Хартыі 97».Па словах рэдактаркі інтэрнэт-партала, гаворка ідзе «пра артыкул, перадрукаваным з газеты адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «Савецкая Беларусь».

«Аўтарам артыкулу выступіў былы «афганец» Аляксандр Рыжанкоў, — распавяла журналістка. — Артыкул быў напісаны ў традыцыях савецкай прапаганды: з асуджэннямі воінаў-«афганцаў», якія выступаюць супраць улады і якія адмовіліся ўзяць медалі з рук Лукашэнкі. Гэты артыкул выклікаў абурэнне шматлікіх чытачоў сайта».

Па словах Наталлі Радзінай, у Генпракуратуру на допыты ўжо выклікаліся сустаршыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны ў Афганістане «Абаронцы Айчыны» Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі.
Наталля Радзіна нагадала, што ў Еўропе, а з нядаўняга часу і ў Расіі, паводле заканадаўства, інтэрнэт-СМІ не нясуць адказнасці за каментары чытачоў.

«Аднак у нашай краіне можна чакаць чаго заўгодна, — заявіла журналістка. — Гэта беспрэцэндэнтны выпадак. Інтэрнэт — сёння адзіная крыніца праўдзівай інфармацыі пра сітуацыю ў краіне».

Журналістка таксама адзначыла, што інтэрнэт «ва ўсім свеце не толькі інфармуе, але і мабілізуе людзей напярэдадні выбарчых кампаній». «Гэтага ўлады відавочна спалохаліся. Ніякай нецэнзурнай лаянкі ў каментарах не было. Было агульнае абурэнне «траўляй» у дзяржСМІ прынцыповых людзей», — паведаміла Наталля Радзіна.

Как вам новость?
Головоломки