Генпракуратура ўзбудзіла чатыры крымінальныя справы за невыкананне Дырэктывы № 3

21.02.2011 16:02
Архив Редакция

Генеральная пракуратура Беларусі правяла аналіз выканання патрабаванняў Дырэктывы № 3 прэзідэнта Беларусі і эфектыўнасці дзяржаўнага нагляду за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў у арганізацыях аграпрамысловага і паліўна-энергетычнага комплексаў, у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і камунікацый. Па факце выяўленых парушэнняў за 2010 год пракуратура ўнесла 718 прадстаўленняў і ўзбудзіла чатыры крымінальныя справы.

У ходзе праверак, супрацоўнікі Генпракуратуры выявілі, што патрабаванні Дырэктывы № 3 аб узмацненні з боку Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі кантролю за выкананнем дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі і іншымі работнікамі арганізацый рэжыму эканоміі і збражэння, рацыянальным выкарыстаннем паліва і энергіі ў поўным аб’ёме не выконваюцца. Супрацоўнікі Генпракуратуры выявілі шматлікія факты нерацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, у тым ліку светлых нафтапрадуктаў.

Так, высветлілася, што ў арганізацыях выкарыстоўваюцца няспраўныя сродкі вымярэння, эксплуатуецца аўтатранспарт з няспраўнымі спідометрамі, пры гэтым кіраўнікі арганізацый бяздзейнічаюць. Генпракуратура звярнула ўвагу таксама на тое, што не ва ўсіх арганізацыях створаны пастаянна дзейныя камісіі па кантролі за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, не распрацаваны адпаведныя мерапрыемствы, не прызначаныя пазаштатныя інспектары.

«На прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу па-ранейшаму маюць месца правапарушэнні, здзяйсненне якіх спрыяе  нядбаламу, безадказнаму стаўленне кіраўнікоў і іншых службовых асобаў да выканання службовых абавязкаў, здзяйсняюцца карыслівыя злачынствы», — канстатуюць у Генпракуратуры.

У выніку праверак у 2010 годзе рэспубліканскім органам і дзяржаўным установам вынесена 919 прадпісанняў, 565 службовых асобаў афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства, больш за 2,5 тыс. адказных асобаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці (ажно да вызвалення ад займаных пасадаў і скасавання кантрактаў), 219 — да адміністрацыйнай.

За 2010 год за парушэнні Дырэктывы № 3 спагнана 4,5 трлн. рублёў

Акрамя таго, больш за 7,2 тыс. фізічных і юрыдычных асобаў пакрылі прычыненую парушэннямі шкоду ў суме больш за дзесяць мільярдаў рублёў, у інтарэсах дзяржавы і дзяржаўных прадпрыемстваў у агульныя і гаспадарчыя суды прад’яўлена больш за 17 тыс. іскаў на суму 4,5 трлн. рублёў.

Як паведамілі ў Генпракуратуры, у лютым 2010 года ў Савет міністраў была накіравана інфармацыя аб неналежным выкананні патрабаванняў Дырэктывы № 3 арганізацыямі АПК і ТЭК, прадпрыемствамі ЖКГ і лясной гаспадаркі. Генпракуратура прапанавала павысіць адказнасць дзяржорганаў, арганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама за рэалізацыю палажэнняў Дырэктывы № 3.

У цяперашні час Саўмін распрацоўвае праект дакумента, якім будуць усталяваныя паказчыкі па зніжэнні спажывання светлых нафтапрадуктаў у 2011 годзе. Так, міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання распрацавала рэкамендацыі па эканоміі светлых нафтапрадуктаў у сельскагаспадарчых арганізацыях за кошт укаранення сучасных перадавых тэхналогій пры апрацоўцы і ўборцы сельскагаспадарчых культураў, удасканаленні формаў ўліку і кантролю за расходам паліўна-змазачных матэрыялаў, а таксама за кошт матэрыяльнага стымулявання працаўнікоў, якія забяспечваюць зніжэнне спажывання паліва.

Как вам новость?
Головоломки