Генпракурор адказаў бацьку фігуранта "справы 19 снежня" Класкоўскага

23.03.2011 12:20
Архив Редакция

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч напісаў ліст журналісту Аляксандару Класкоўскаму ў адказ на адкрыты зварот, апублікаваны ў газеце "Народная Воля" за 11 сакавіка, у якім Класкоўскі патрабуе магчымасці сустрэцца са сваім сынам Аляксандрам, арыштаваным па справе аб масавых беспарадках.

Журналіст таксама запатрабаваў забяспечыць перапіску сына з роднымі, а таксама асабістай сустрэчы з адвакатам для яго. У аўторак, 15 сакавіка, адвакат Аляксандра Класкоўскага-малодшага ўпершыню змагла сустрэцца са сваім падабаронным сам-насам, а 22 сакавіка бацьку маладога чалавека прыйшло пісьмо ад Рыгора Васілевіча, напісанае 18 сакавіка, паведамляе БелаПАН.

У сваім адказе генпракурор паведамляе, што ў ходзе праверкі ад зняволенага Аляксандра Класкоўскага «скаргаў на ўмовы і парадак утрымання ў следчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь, а таксама на дзеянні супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі не паступала». Паводле слоў Рыгора Васілевіча, атрыманне-адпраўленне тэлеграм і лістоў праходзіць у адпаведнасці з беларускімі законамі.

Васілевіч: у СІЗА Класкоўскаму патрабавалася меддапамога

«Стан здароўя Класкоўскага А.А. здавальняючы, па медыцынскую дапамогу ён звяртаўся толькі адзін раз. Пасля агляду лекарам яму была аказана кваліфікаваная медыцынская дапамога, больш на стан здароўя ён не скардзіўся. Пры першым аглядзе лекарам пераломаў, у тым ліку рэбраў, у вашага сына не выяўлена. Скаргі на парушэнне правоў Класкоўскага А.А. на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь ад яго і яго адваката не паступалі», — пазначана ў лісце Рыгора Васілевіча.

Акрамя таго, паказвае генпракурор, ён накіраваў кіраўніку КДБ ліст «аб пошуку дадатковых магчымасцяў для забеспячэння правоў асобаў, якія змяшчаюцца ў следчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь, на абарону». Таксама Рыгор Васілевіч спасылаецца на сустрэчу Аляксандра Класкоўскага з адвакатам 15 сакавіка.

Што тычыцца магчымасці ўбачыць арыштаванага, генеральны пракурор раіць яго бацьку «звярнуцца да начальніка следчага ўпраўлення папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама Сукалы А.М., у вытворчасці якога знаходзіцца справа».

Бацька Класкоўскага: адказ Васілевіча — адпіска

Аляксандр Класкоўскі-старэйшы, у сваю чаргу, заявіў, што адказ Рыгора Васілевіча паступіў хутка, аднак ён у асноўным толькі фармальны. «Адзначаецца, напрыклад, што перапіска ажыццяўляецца згодна з заканадаўствам і ўнутраным распарадкам. Аднак няма адказу на простае пытанне: куды дзелася маса лістоў, дасланых сыну, — ад мяне, ад нашых сваякоў і, наколькі я ведаю, ад мноства людзей, якія пісалі словы падтрымкі?» — здзіўляецца журналіст.

Аляксандр Класкоўскі таксама адзначыў, што яго сын і адвакат у цяперашні час знаёмяцца з матэрыяламі справы.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Аляксандра Класкоўскага-малодшага, які з’яўляецца былым супрацоўнікам міліцыі, арыштавалі 20 снежня. Пры гэтым работнікі сілавых органаў, выбіўшы дзверы, уварваліся ў яго кватэру. Па словах сястры затрыманага Вольгі, аперацыю ажыццявілі супрацоўнікі КДБ, якія пры затрыманні павалілі яго на падлогу, надзелі кайданкі і правялі ператрус, канфіскавалі ўсю аргтэхніку і носьбіты інфармацыі.

У чацвер, 17 сакавіка, Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму прад’явілі абвінавачанне па частках 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), артыкуле 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і артыкуле 382 КК (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы).