Генпракурор хоча кінуць дружыннікаў на барацьбу з тэрарыстамі

25.04.2011 10:28
Архив Редакция

Генеральны пракурор Беларусі накіраваў на адрас старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама лісты, дзе гаворыцца аб неабходнасці узмацнення мер па забеспячэнні бяспекі грамадзян, грамадскага парадку, а таксама процідзеянні тэрарыстычным і экстрэмісцкім праявам. Для гэтага Генпракуратура прапануе ў ліку іншага актывізаваць дзейнасць грамадскіх фармаванняў (саветы грамадскіх пунктаў аховы парадку, добраахвотныя дружыны).

«Злачынныя дзеянні асобаў, якія арганізавалі і здзейснілі акт тэрарызму ў мінскім метрапалітэне 11 красавік 2011 года, пацягнулі за сабой шматлікія чалавечыя ахвяры. Грубы замах на асноватворнае канстытуцыйнае права грамадзян на жыццё стаў магчымым у пэўнай ступені з прычыны недахопаў сістэмы забеспячэння грамадскай бяспекі, няпоўнага выканання органамі дзяржаўнага кіравання, працоўнымі калектывамі і грамадскасцю сваіх задач у дадзенай сферы», — заявілі ў Генпракуратуры.

У Генпракуратуры прызналі, што органы мясцовага кіравання і самакіравання не заўсёды надаюць належную ўвагу дзейнасці па ахове грамадскага парадку, прафілактыцы правапарушэнняў, удзелу ў процідзеянні экстрэмізму.

Для ўмацавання грамадскай бяспекі, правапарадку і дысцыпліны Генпракуратура прапануе прыняць комплекс мер па недапушчэнні фактаў гвалту (заклікаў да гвалту), масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў, актаў вандалізму пры правядзенні спартыўна-масавых, канцэртных і іншых масавых відовішчных мерапрыемстваў.

Генпракуратура заклікае узмацніць кантроль за інфармацыяй у інтэрнэце

У рамках процідзеяння экстрэмісцкім і тэрарыстычным праявам Генпракуратура прапаноўвае арганізаваць праверкі на прадмет выяўлення фактаў распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкага характару, накіраванай на распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні, сацыяльнай варожасці, а таксама фінансавання і якога іншага садзейнічання такой дзейнасці. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць выкананню заканадаўства пры распаўсюдзе інфармацыі ў інтэрнэце, лічаць у Генпракуратуры.

Генпракуратура таксама прапануе правесці маніторынг стану і эфектыўнасці працы ў сферы вольнага часу дзяцей і моладзі. Асаблівую ўвагу прапануецца звярнуць на вырашэнне пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага і кадравага забеспячэння ўстаноў адукацыі, культуры і спорту, асабліва ў сельскай мясцовасці. Па выніках маніторынгу прапануецца распрацаваць і прыняць рэгіянальныя комплексныя праграмы развіцця вольнага часу насельніцтва.

Генпракуратура таксама заклікае надаць асаблівую ўвагу аптымізацыі міграцыйных працэсаў, стварэнню ўмоваў для памяншэння эміграцыі, захавання інтэлектуальнага і працоўнага патэнцыялу рэгіёнаў. Акрамя таго, у Генпракуратуры лічаць неабходным прыступіць да практычнай рэалізацыі «прынцыпу асабістай адказнасці кіраўнікоў выканаўчых камітэтаў усіх узроўняў за стан грамадскай бяспекі і правапарадку на адпаведных тэрыторыях, а кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў — у даручаных арганізацыях».

Как вам новость?
Головоломки