Германовіч: харчавацца на мінскіх пляжах небяспечна для здароўя

27.07.2010 08:50
Архив Редакция

Прадпрымальнікі, якія гандлююць харчовымі прадуктамі на пляжах Мінску і Мінскага раёна, не выконваюць санітарна-эпідэміялагічныя нормы, прадпісаныя заканадаўствам. Пра гэта паведаміў галоўны санітарны лекар Мінску Фёдар Германовіч.

На мінулым тыдні супрацоўнікі мінскай санслужбы здзейснілі шэраг рэйдаў па зонах адпачынку Мінску і Мінскага раёна. У выніку праверак адну краму закрылі, тры ў хуткім часе могуць пазбавіцца ліцэнзіі, паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі». Акрамя таго аштрафавалі кіраўнікоў 13 прадпрыемстваў, якія гандлявалі на мінскіх пляжах.

На адным толькі Заслаўскім вадасховішчы размешчана ўсяго 12 аб’ектаў гандлю. Ва ўсіх 12 супрацоўнікі санслужбы знайшлі парушэнні ўмоваў гандлю. Уладальнікі гандлёвых кропак не выконвалі тэмпературныя ўмовы захоўвання прадукцыі, дапускалі прыём і рэалізацыю харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў без дакументаў. На многіх аб’ектах гандлю персанал працаваў без медыцынскага допуску. На адным з гандлёвых аб’ектаў у зоне адпачынку Цна прадавалі хуткапсавальныя прадукты без сродкаў ахладжэння, без дакументаў і г.д.

«Па ўсіх гэтых фактах прынятыя меры», — заявіў Фёдар Германовіч. Узмацніць кантроль за працай гандлёвых кропак у зонах адпачынку даручыў 26 ліпеня мэр Мінску Мікалай Ладуцька.

Как вам новость?