Глушакоў здыме сваю кандыдатуру толькі дзеля ідэйна блізкага кандыдата

06.09.2010 11:18
Архив Редакция

Першы намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Юры Глушакоў заявіў, што ён гатовы зняць сваю кандыдатуру ў перадвыбарнай кампаніі толькі на карысць кандыдата, які будзе блізкі да яго ўласных прапаноў праграмнага характару. "Я саступлю толькі таму, хто будзе ўлічваць канкрэтныя інтарэсы службоўцаў, працоўных, пенсіянераў, абараняць сацыяльныя правы грамадзян", — адзначыў палітык.

«Для мяне каштоўнасці ідэйнага характару не пусты гук, я з’яўляюся адзіным леваарыентаваным кандыдатам», — падкрэсліў Юры Глушакоў. Намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» лічыць, што ў цяперашняй палітычнай сітуацыі важна не столькі абранне адзінага кандыдата ад апазіцыі, колькі адзінства беларускага народа, перадае БелаПАН.

«Самае галоўнае і неабходнае, што можа паўплываць на палітычныя працэсы ў краіне — гэта адзінства народа, людзей, якія будуць адстойваць свой выбар у дзень галасавання. Гэта тое, што неабходна нам сёння», — заявіў Юры Глушакоў.

У той жа час, беларускі палітык выказаў упэўненасць у тым, што ў найбліжэйшы час апазіцыі не ўдасца вылучыць адзінага кандыдата. «Магчыма, нешта зменіцца ў працэсе выбараў, але сёння перадумоў для адзінага няма», — заявіў Юры Глушакоў.

Акрамя таго, кандыдат ад партыі «Зялёныя» лічыць, што «выраўняць сітуацыю» цяпер можа не адзіны кандыдат ад апазіцыі, а «адзінства ўсіх наяўных кандыдатаў». Адсутнасць жа адзінага кандыдата палітык звязвае не з суб’ектыўным нежаданнем дамовіцца лідараў апазіцыі, а з «больш сур’ёзнымі і аб’ектыўнымі прычынамі».
 
«Гэта абумоўлена той ненармальнасцю палітычнай сітуацыі, якая ёсць сёння ў Беларусі, бо палітыка прадугледжвае шырокі плюралізм, наяўнасць палітычных сілаў і лідараў, якія выказваюць розныя грамадскія інтарэсы. Сёння, паколькі барацьба ідзе з аўтарытарным рэжымам, многія спрабуюць адсунуць вось гэтыя розныя інтарэсы для аб’яднання сумесных намаганняў. Але сёння інтарэсы разышліся даволі далёка», — адзначыў Юры Глушакоў.

«Усё ж адсутнасць адзінага кандыдата, не занадта трагічная сітуацыя. Магчымасць ісці на выбары некалькімі калонамі дазволіць мабілізаваць падчас кампаніі больш людзей, чым гэта мог бы зрабіць адзіны, калі б ён быў створаны штучна, без уліку наяўнай у грамадстве расстаноўкі сацыяльных сілаў» , — дадаў беларускі палітык.

Как вам новость?