Гольцапфэль: Беларусь не можа заставацца ў замарожаным стане

02.07.2010 14:52
Архив Редакция

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюзу ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль заклікаў афіцыйны Мінск да правядзення свабодных выбараў. "Лепшая гарантыя стабільнасці — гэта дэмакратыя. Павінен быць пэўны дынамізм паміж стабільнасцю і зменамі, бо стабільнасць у гэтым плане не з'яўляецца каштоўнасцю. Краіна не можа знаходзіцца ў замарожаным стане, павінны быць і перамены", — заявіў еўрапейскі дыпламат.

Па словах кіраўніка прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, у міжнародным фармаце выбары з’яўляюцца для Еўрасаюза вельмі важным элементам стабільнасці. Незалежнае правасуддзе таксама з’яўляецца важным элементам стабільнасці, дадаў Жан-Эрык Гольцапфэль, перадае БелаПАН.

«Перспектыва ўзаемаадносін Беларусі і ЕС шмат у чым залежыць ад дыскусіі, якая ў нас ёсць, і ад тых крокаў, якія робіць Беларусь, — адзначыў дыпламат. — Таму што ў нас з кастрычніка 2008 года ёсць нешта накшталт акна магчымасцяў. Цяпер нам трэба падштурхнуць нашы адносіны, і мы спадзяемся, што прагрэс дазволіць дасягнуць сітуацыі, калі ва «Усходнім партнёрстве» Беларусь будзе паўнапраўным чальцом».

Пры гэтым Жан-Эрык Гольцапфэль падкрэсліў, што бачыць Беларусь паўнапраўным членам Еўрапейскай палітыкі добрасуседства і «Усходняга партнёрства» з’яўляецца галоўным прыярытэтам у рабоце прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
 
«Як дыпламат я не магу ўмешвацца ва ўнутраную палітыку. Адзінае, што мы можам зрабіць, — гэта звярнуцца да агульных каштоўнасцяў. І ў нас ёсць гэтыя агульныя каштоўнасці, напрыклад у рамках АБСЕ і па праграме «Усходняе партнёрства», — сказаў Жан-Эрык Гольцапфель.

Па словах дыпламата, гэта азначае тое, што ЕС «падзяляе каштоўнасці правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права». «І ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю мы таксама абмяркоўваем усе гэтыя каштоўнасці, мы дыскутуем на тэму важнасці свабодных выбараў, важнасці незалежных СМІ, грамадзянскіх свабодаў. Таму мы і гаворым з Беларуссю ў гэтым кантэксце», — падсумаваў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюзу ў Беларусі.

Как вам новость?