Грамадскія арганізацыі Беларусі прапануюць уладам спрасціць візавы рэжым

25.04.2011 15:37
Архив Редакция

Больш за 20 беларускіх грамадскіх арганізацыяў і ініцыятываў, уключаючы грамадскае аб'яднанне "БНФ "Адраджэньне", Рух "За Свабоду", Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, прапанавалі ўраду, міністэрствам замежных спраў, культуры, спорту і турызму ў аднабаковым парадку спрасціць візавы рэжым.

«У якасці жэсту добрай волі ў адносінах да грамадзян замежных дзяржаў прапануем у аднабаковым парадку знізіць кошт беларускіх візаў, спрасціць працэдуру іх выдачы або адмяніць візавы рэжым наогул, а таксама адмяніць механізм рэгістрацыі замежных грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі», — гаворыцца ў звароце, перадае БелаПАН.

Аўтары звароту ўпэўненыя, «што спрашчэнне і поўнае скасаванне візавага рэжыму ў адносінах да грамадзян замежных дзяржаў пазітыўна адаб’ецца і на развіцці міждзяржаўных адносін, а што яшчэ важней — дасць штуршок да спрашчэння і поўнай адмене візавага рэжыму, у прыватнасці, паміж Беларуссю і зонай Шэнгенскага пагаднення. Дадзеная мера прадугледжана ўстаноўчымі дакументамі праграмы Еўрапейскага саюза «Усходняе партнёрства», членам якой з’яўляецца Беларусь».

Арганізацыі і ініцыятывы таксама заклікалі ўлады «прыкласці ўсе намаганні, каб пачаць перамовы з Еўрапейскай камісіяй аб падпісанні Дамовы аб рэадмісіі і Дамовы аб візавай фасілітацыі», паабяцаўшы са свайго боку «імкнуцца да пасоўвання ідэі бязвізавага рэжыму для грамадзян Беларусі з дапамогай кантактаў з партнёрамі і ўрадавымі структурамі ў краінах Еўрапейскага саюза».

Как вам новость?
Головоломки