Грамадзянскія актывісты заклікалі беларускую апазіцыю да аб'яднання

07.09.2010 16:21
Архив Редакция

Актывісты недзяржаўных дэмакратычных аб'яднанняў (НДА) Беларусі заклікалі апазіцыйных палітыкаў да стратэгічнага і практычнага аб'яднання напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта расказаў адзін з лідараў арганізацыйнага камітэту па стварэнні Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч.

Працоўная група аргкамітэту правяла 3 верасня паседжанне па стварэнні асамблеі і прыняла заяву датычна сітуацыі раз’яднанасці ў дэмакратычных палітычных колах Беларусі напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, перадае БелаПАН.

Як расказаў Сяргей Мацкевіч, НДА адрасавалі дадзеную заяву патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты, лідарам палітычных партый і рухаў, і ў цэлым грамадскім і палітычным актывістам, зацікаўленым у дэмакратычных пераменах у краіне.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі глыбока занепакоеныя тым, што «раз’яднанасць дэмакратычных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта краіны, няздольнасць вызначыць адзінага кандыдата, адсутнасць у іх сумесных стратэгічных мэтаў і распрацаванага плана дзеянняў ставяць пад сумнеў сур’ёзнасць іх намераў», адзначаюць актывісты НДА ў сваёй заяве.

«Беларускаму таварыству навязваецца штучны выбар паміж прапановамі змяніць кіраўніцтва краіны па расійскай стратэгіі, з аднаго боку, і абаронай рэжыму як «гаранта незалежнасці»- з другога», — гаворыцца ў дакуменце.

Актывісты НДА лічаць, што такі «выбар» не дазваляе беларусам адстойваць свае нацыянальныя дэмакратычныя інтарэсы і «нясе пагрозу адначасова і нацыянальным, і дэмакратычным перспектывам Беларусі».

Тым не менш, грамадзянскія актывісты выказалі надзею на тое, што беларускія палітычныя лідары ўлічаць меркаванне беларусаў, якія задзейнічаны ў працы аб’яднанняў «трэцяга сектару». «Грамадзянская супольнасць не можа заставацца ў баку ад вырашальных палітычных падзеяў, таму мы пастанавілі данесці наш погляд на перадвыбарную сітуацыю», — растлумачыў Сяргей Мацкевіч.

Как вам новость?