Гран-пры конкурсу "Віцебск-2010" атрымаў Дамір Кеджа

16.07.2010 11:33
Архив Редакция

Уладальнікам Гран-пры XIX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2010", які праходзіў на фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", стаў Дамір Кеджа з Харватыі. На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу, якая адбылася 15 ліпеня ў Віцебскай абласной філармоніі, Даміру Кеджа былі ўручаны Гран-пры ў памеры 10 тыс. даляраў, спецыяльны прыз "Ліра", а таксама дыплом уладальніка Гран-пры конкурсу.

Першую прэмію конкурсу журы пад старшынством народнай артысткі Украіны Таісіі Павалій прысудзіла Лашу Рамішвілі з Грузіі, які ўсяго два балы саступіў пераможцу. Яму дасталася шэсць тысяч даляраў, прыз «Ліра» і дыплом, паведамляе БелТА.

Другую прэмію конкурсу журы падзяліла паміж Анаіт Шахбазян з Арменіі і украінкай Інай Воранавай, а трэцюю прэмію — паміж Дынарай Султангаліевай з Казахстана, Дзянісам Вяршэнка з Беларусі і Йоцэ Пановым з Македоніі.

Лаша Рамішвілі ўдастоены прыза імя Уладзіміра Мулявіна. Ён прысуджаецца за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, вобразнасць і эмацыянальнасць у адлюстраванні ў выкананых творах аўтарскай тэмы. Спецыяльныя прызы Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы «Лепшаму выканаўцу эстраднай песні ад Рэспублікі Беларусь» і «Лепшаму выканаўцу эстраднай песні ад Расійскай Федэрацыі» атрымалі Дзяніс Вяршэнка і Ганна Малышава.

Міждзяржаўны фонд супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД ўзнагародзіў Дынару Султангаліеву і Анаіт Шахбазян сертыфікатам на права запісу сольнага альбому. Астатнія канкурсанты атрымалі званні дыпламантаў XIX Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2010», а таксама вялікую колькасць прызоў ад спонсараў.

Упершыню ў гісторыі фестывалю «Славянскі базар» і конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» уладальнікам Гран-пры стаў прадстаўнік суверэннай Харватыі. Пераможца конкурсу прыме сёння ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

У XIX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2010» прымалі ўдзел 19 канкурсантаў.