Грыбаўскайце ўбачыла "сур'ёзны зрух" у справе Усхопчыка

09.09.2010 10:58
Архив Редакция

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце паведаміла, што ў справе генерала Уладзіміра Усхопчыка, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, з беларускага боку быў зроблены "сур'ёзны зрух". Гэта, па словах прэзідэнта Літвы, з'яўляецца добрай прыкметай таго, што адносіны паміж дзвюма дзяржавамі развіваюцца ў верным напрамку.

Сярод іншых станоўчых момантаў у адносінах Беларусі і Літвы Даля Грыбаўскайце адзначыла тое, што беларускі бок перадаў Літве начальніка коннай паліцыі Вільні Лайманаса Банкаўскаса, затрыманага нядаўна на мяжы Беларусі з наркотыкамі. «Ужо абвешчана ўнутранае расследаванне, якое будзе праводзіць сам Дэпартамент паліцыі», — цытуе Далю Грыбаўскайце «Літоўскі кур’ер».

«Нашы адносіны з Беларуссю развіваюцца сапраўды дынамічна, у добрым накірунку, асабліва адносіны ў сферы бізнэсу. Нашы так званыя гаспадарчыя суб’екты сапраўды знаходзяць там больш добрыя і спрыяльныя ўмовы для развіцця ў Беларусі бізнэсу», — адзначыла Даля Грыбаўскайце.

«Я хацела б мець аб’ектыўна добрыя адносіны з усімі суседзямі, наколькі гэта магчыма, без усялякай наіўнасці разумеючы сітуацыю і яе складанасць, у рэшце рэшт, гістарычны досвед», — дадала прэзідэнт Літвы.

Як раней перадаваў Тэлеграф, генерала Уладзіміра Усхопчыка літоўскія ўлады абвінавачваюць у тым, што ён аддаў загад страляць у дэманстрантаў у Вільні ў пачатку 1990-х гадоў. Нядаўна прад’яўленае яму абвінавачанне было перакваліфікавана такім чынам, што тэрмін даўніны да дадзенай справы не ўжываецца.

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч 23 чэрвеня паведаміў, што Генеральная пракуратура не мае намеру выдаваць Літве генерала Уладзіміра Усхопчыка, бо ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусь не можа выдаваць іншым дзяржавам грамадзянаў краіны.

Как вам новость?