Грыбаўскайце: беларусы самі павінны выбраць сабе ўладу

07.02.2011 09:01
Архив Редакция

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайцке ў сваім выступе на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы заявіла, што беларускі народ павінен сам вырашыць, якую ўладу ён хоча мець. "А мы, Захад, можам дапамагчы любому народу саспець, умацавацца, аднак мы не можам дыктаваць кожнаму народу канкрэтна, якую сістэму або якога кіраўніка ён павінен абраць", — лічыць літоўскі прэзідэнт. 

Даля Грыбаўскайце таксама адзначыла, што дыскусіі, падобныя тым, што праходзілі ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі 4-6 лютага, маюць вялікае значэнне для Еўропы і свету ў цэлым, перадае БелаПАН са спасылкай на прэс-службу лідара Літвы.

«На ёй праходзяць дыскусіі аб тых тэндэнцыях, якія з’яўляюцца агульнымі як для цяперашніх канфліктаў у Афрыцы, напрыклад у Егіпце, так і для звязаных з Беларуссю праблемаў на нашай мяжы», — патлумачыла Даля Грыбаўскайце.

«Мы бачым тэндэнцыі, калі народ і людзі не згодны з існым рэжымам, спрабуюць яго мяняць, але Захад і свет рэагуе інакш, чым рэагаваў раней», — дадала прэзідэнт Літвы.

Літва падтрымала візавыя санкцыі і выступіла супраць эканамічных

У ходзе сустрэчы з дэлегацыяй Кангрэса ЗША, якая прайшла ў Вільні 4 лютага, Даля Грыбаўскайце заявіла аб падтрымцы візавых санкцыяў Еўрасаюза, уведзеных у адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў. У той жа час літоўскі лідар выказалася супраць увядзення эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі.

«Палітыка адкрыцця ЕС дзвярэй для беларускага народа, магчымасць для беларускіх грамадзян свабодна падарожнічаць у межах шэнгенскай зоны, а таксама спрошчаны візавы рэжым з’яўляюцца лепшым спосабам прадэманстраваць перавагі і выгады дэмакратыі і жыцця ў вольным грамадстве», — перакананая Даля Грыбаўскайце.

Как вам новость?