Групу расійцаў падазраюць у крадзяжы дарагіх аўто з мінскіх салонаў пракату

12.03.2011 10:06
Архив Редакция

Праваахоўныя органы Мінску затрымалі траіх грамадзянаў Расіі, якіх падазраюць у тым, што яны па падробленых дакументах бралі дарагія машыны ў мінскіх салонах пракату, а затым прадавалі аўто па заніжаным кошце. У дачыненні да падазраваных ўжо ўзбудзілі крымінальную справу па ч.4 арт.209 Крымінальнага кодэксу Беларусі ("Махлярства, здзейсненае групай асобаў у асабліва буйным памеры"). 

Як распавялі журналісту Тэлеграфа ў Партызанскім РУУС Мінску, чацвёра расійцаў — жыхары Маскоўскай вобласці 20-25 гадоў, прыехалі ў Мінск з загадзя абумоўленым планам дзеянняў. Па прыездзе маладыя знялі нумар у адной з гасцініц, зарэгістраваліся (гэта з’яўляецца адной з умоваў арэнды), а затым накіраваліся ў адзін з салонаў пракату аўтамабіляў.

Першапачаткова маладыя людзі планавалі ўзяць БМВ Х-5, аднак у гэты час дадзенай мадэлі ў салоне не апынулася, таму расійцы ўзялі Mercedes-Benz S 500. Прычым для афармлення адпаведнаЙ дамовы мужчыны прадставілі падробленыя дакументы. Аднак высветлілася гэта значна пазней — фальшыўкі аказаліся добрай якасці і не выклікалі падазрэнняў у работнікаў салона. Заплаціўшы належныя за дзённую арэнду 130 даляраў, маладыя людзі неадкладна выехалі ў кірунку да расійскай мяжы.

Следчыя лічаць, што ў Маскве машыну, верагодней за ўсё, ужо чакалі. Маладыя людзі практычна адразу прадалі Mercedes за шэсць тысяч даляраў, што ў пяць разоў танней за яго рэальны кошт.

Праз некаторы час зламыснікі вярнуліся ў Мінск з той жа мэтай. Аднак на гэты раз прыехалі ўтрох, затое з намерам ўзяць напракат адразу два аўтамабілі. «Дзейнічалі па ўжо апрабаванай схеме: гатэль, рэгістрацыя, салон пракату, арэнда аўто на фальшывыя дакументы. Вось толькі на выхадзе з салона іх ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі», — распавяла прэс-афіцэр Партызанскага РУУС Ганна Чыж-Літаш.

У міліцыі маладыя людзі прызналіся, што атрыманыя за прададзеныя аўтамабіль грошы яны выдаткавалі на забавы і «прыгожае» жыццё. Зараз, калі віна расійцаў будзе даказаная, ім пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Чацверты фігурант справы абвешчаны ў вышук.

Как вам новость?