Гісторыкі знайшлі ў Калумба беларускія карані

01.12.2010 11:46
Архив Редакция

Амерыканскі гісторык партугальскага паходжання Мануэль Роза ў сваёй новай кнізе даказвае, што раскрыў таямніцу паходжання першаадкрывальніка Амерыкі. У сваёй працы «Калумб. Ніколі не расказаная гісторыя» («Colon. La Historia Nunca Contada») гісторык даказвае, што ў Хрыстафора Калумба беларускія карані.

Мануэль Роза абвяргае ранейшую тэорыю, паводле якой Калумб паходзіць з італьянскай Генуі. Прааналізаваўшы сярэднявечныя дакументы і хронікі, гісторык прыйшоў да высновы, што бацька Хрыстафора Калумба — кароль Уладзіслаў III, а дзед — кароль Польшчы і вялікі князь Вялікагакняства Літоўскага Ягайла, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Бацькам Ягайлы быў Альгерд, маці — князёўна Ульяна Цвярская. У 1385 годзе ў замку Крэва (цяпер Ашмянскі раён) ён заключыў унію паміж Польшчай і ВКЛ.

Паводле інфармацыі Мануэля Розы, сын Ягайла, польскі кароль Уладзіслаў III, не загінуў у бітве з туркамі ў 1444 годзе, а збег і пасяліўся на партугальскай Мадэйры. Там ён ажаніўся з багатай партугалкай і стаў бацькам Калумба.

Гэтая тэорыя дапамагае зразумець, чаму Калумб ажаніўся з заможнай партугальскай арыстакраткай, і іх шлюб быў зацверджаны партугальскім каралём, перакананы Мануэль Роза. Да таго ж герб Калумба падобны на герб Уладзіслава. Ды і сам падарожнік выглядаў усходнееўрапейцам: са светлай скурай і блакітнымі вачыма. Сам ён хаваў сваё паходжанне, каб не выкрыць свайго бацьку.

Каб даказаць сваю тэорыю, даследчык хоча параўнаць ДНК Ягайлы (запыт ужо накіраваны ў Кракаў) і сыноў Калумба, пахаваных у Севільі.

Вынікі даследавання ўжо падтрымалі іншыя гісторыкі. «Гэтая кніга назаўсёды зменіць наш погляд на сваю гісторыю», — перадаюць СМІ словы партугальскага гісторыка Жазэ Карлуша Каласанса.

Как вам новость?
Головоломки