Гуляка: праваслаўная царква парушае беларускія законы

26.01.2011 18:19
Архив Редакция

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка ў сваім выступе на пасяджэнні калегіі апарата ўпаўнаважанага, якое адбылося 26 студзеня ў Мінску, звярнуў увагу на парушэнні заканадаўства з боку Беларускай праваслаўнай царквы. "Беларуская праваслаўная царква, якая аб'ядноўвае 1545 з 2162 рэлігійных суполак краіны, з'яўляецца асноўным партнёрам дзяржавы ў вырашэнні пытанняў сацыяльнай сферы", - сказаў ён.

«Шматлікія мерапрыемствы па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой праходзяць ва ўсіх абласцях і сталіцы», — адзначыў Леанід Гуляка, перадае БелаПАН.

Разам з тым упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў заявіў аб неабходнасці строгага выканання заканадаўства пры ажыццяўленні сумесных праектаў. «Нярэдка мясцовыя ўлады закрываюць вочы на неправавыя дзеянні рэлігійных арганізацый. Для іх заканадаўства ўстанаўлівае выразныя патрабаванні, абавязковыя для выканання ўсімі суб’ектамі праваадносін», — падкрэсліў ён.

Захоўваецца праблема самавольнага будаўніцтва культавых будынкаў арганізацыямі Праваслаўнай царквы без афармлення праектна-каштарыснай дакументацыі і без афіцыйнага адводу зямлі, канстатаваў Леанід Гуляка. «Няхай гэта і адзінкавыя выпадкі, аднак яны ёсць», — дадаў ён.

Пры гэтым Леанід Гуляка лічыць, што таксама актуальнай для праваслаўнай царквы застаецца праблема доўгабудавання. «Пры гэтым мясцовыя ўлады не заўсёды праводзяць тлумачальную працу з рэлігійнымі арганізацыямі па вырашэнні гэтай праблемы, нярэдка вылучаюць зямлю для будаўніцтва новых культавых будынкаў пры наяўнасці ў дадзеным населеным пункце аб’ектаў доўгабудавання», — сказаў упаўнаважаны, дадаўшы, што такімі дзеяннямі мясцовыя ўлады «пагаршаюць праблему доўгабудавання, якая затым часцяком становіцца дзяржаўнай праблемай».