Гумінскі: дыялог з ЕС па адмене смяротнага пакарання ідзе канструктыўна

29.10.2010 14:00
Архив Редакция

Танальнасць дыялогу Еўропы і Беларусі па пытанні магчымай адмены смяротнага пакарання ў краіне за апошні час істотна змянілася. Цяпер актыўнае абмеркаванне дадзенага пытання праходзіць вельмі канструктыўна, заявіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі.

Паводле слоў парламентарыя, у Еўропе пачулі аргументы беларускага боку аб тым, што рашэнне аб адмене вышэйшай меры пакарання не можа быць прынята раптоўна. Віктар Гумінскі нагадаў, што на рэферэндуме 1996 года беларусы выказаліся супраць адмены смяротнага пакарання.

«Мы не можам не лічыцца з меркаваннем людзей. Але мы таксама не можам не прымаць у разлік еўрапейскія каштоўнасці і заставацца адзінай у Еўропе краінай, якая захавала смяротнае пакаранне», — падкрэсліў намеснік кіраўніка Палаты прадстаўнікоў.

«Еўрапейцы ў рэшце рэшт прыйшлі да высновы, што для вырашэння такога няпростага пытання патрабуецца час. А не так, як прапаноўвалі раней: у рэзкай форме, адным росчыркам пяра адмяніць рашэнне народа», — цытуе беларускага парламентарыя БелТА.

У сваю чаргу кіраўнік парламенцкай працоўнай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Мікалай Самасейка таксама сведчыць аб змене пазіцыі Еўропы ў дадзеным пытанні.

Самасейка: у Беларусі свая спецыфіка ў пытанні адмены смяротнага пакарання

«Калі раней стаўленне еўрапейскіх структураў да нас выяўлялася ў маралі, нават з ментарскім тонам, то ў цяперашні час яны прызнаюць, што Беларусь, з улікам спецыфікі краіны, у вырашэнні пытання аб адмене смяротнага пакарання ці ўвядзення мараторыя рухаецца правільным шляхам», — распавёў Мікалай Самасейка.

Паводле слоў дэпутата, спецыфіка Беларусі заключаецца ў геапалітычным становішчы краіны. Беларусь знаходзіцца паміж двух палюсоў: Еўропы, дзе ўсе краіны адмянілі смяротнае пакаранне, і Кітая, які лідзіруе па колькасці смяротных пакаранняў. У той жа час найбліжэйшыя суседзі Беларусі, Расія і Украіна ўвялі мараторый на прымяненне вышэйшай меры пакарання.

Мікалай Самасейка зазначыў, што ў апошні час еўрапейскія структуры адмаўляюцца ад стэрэатыпаў аб Беларусі. «Калісьці Рада Еўропы і іншыя еўрапейскія структуры стварылі для сябе вобраз Беларусі як апошняй недэмакратычнай краіны ў Еўропе. Цяпер яны ад гэтага вобразу стаміліся. Зразумелі, што перыяд астуджэння адносін не прынёс дывідэндаў ні адному, ні другому боку, што гэта не найлепшы спосаб вырашаць пытанні з Беларуссю і ўжо самі ініцыююць крокі да збліжэння. Калі раней яны сцвярджалі, што Беларусі патрэбна Еўропа, то цяпер кажуць, што Беларусь патрэбна Еўропе», — заявіў парламентарый.

Как вам новость?
Головоломки