ГУУС: арганізатары мітынгу на Кастрычніцкай будуць пакараныя (відэа)

24.11.2010 12:46
Архив Редакция

Міліцыя заяўляе, што мітынг на Кастрычніцкай плошчы Мінску парушае дзейнае заканадаўства Беларусі. Па словах начальніка МГБ ГУУС, арганізатары і ўдзельнікі акцыі могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай, а пры пэўных наступствах — і да крымінальнай адказнасці.

Начальнік МГБ ГУУС заявіў, што паводле наяўнай у яго інфармацыі асобныя грамадзяне пры дапамозе інтэрнэту заклікаюць людзей сабрацца 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Мінску для правядзення масавай акцыі.

Ён таксама падкрэсліў, што сталічная міліцыя гатова забяспечыць правапарадак 24 лістапада ў поўным аб’ёме. Вартавыя парадку, дадаў начальнік, будуць дзейнічаць строга ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Тым не менш, некаторыя кандыдаты плануюць ўсё ж быць на Кастрычніцкай плошчы. Так, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў 24 лістапада паведаміў журналісту Тэлеграфа, што ён мае намер прысутнічаць на мітынгу, аднак, выступаць з прамовай і праводзіць якія-небудзь агітацыйныя мерапрыемствы не будзе.

Паколькі ва Уладзіміра Някляева ўжо ёсць адно папярэджанне Цэнтральнай выбарчай камісіі, ён не хоча ствараць падставаў для вынясення новага, пасля якога кандыдата могуць зняць з перадвыбарнай гонкі. «Але не прыйсці на плошчу я не маю маральнага права — там могуць быць выбаршчыкі, якія мяне падтрымліваюць», — растлумачыў Уладзімір Някляеў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Генеральная пракуратура Беларусі вынесла вуснае папярэджанне кандыдату ў прэзідэнты Віталю Рымашэўскаму за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Па словах прадстаўніка Генпракуратуры, «любыя заклікі да правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў з’яўляюцца неканструктыўнымі і парушаюць патрабаванні заканадаўства».

Тым не менш Віталь Рымашэўскі не збіраецца адмаўляцца ад сустрэчы з выбаршчыкамі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы Мінску. Апазіцыйны палітык заявіў, што 22 лістапада па беларускім тэлебачанні паведаміў пра намер правесці сустрэчу і цяпер, па яго словах, не мае маральнага права не прыйсці на яе.
 

Как вам новость?