ГУУС: будзьце паблажлівымі да жорсткіх дзеянняў міліцыі — відэа

13.04.2011 11:47
Архив Редакция

Начальнік ГУУС Мінгарвыканкама генерал-маёр міліцыі Леанід Фармагей заклікаў жыхароў і гасцей беларускай сталіцы быць паблажлівымі да "часам, як вам можа здавацца,  жорсткіх дзеянняў міліцыі". "Не судзіце строга. Пытанні бяспекі, якія сёння прымаюцца, накіраваны ў першую чаргу на захаванне жыцця і здароўя грамадзян", — адзначыў ён.

Леанід Фармагей таксама заклікаў усіх, хто мае інфармацыю пра тэракт, якая заслугоўвае непасрэднай увагі міліцыі, паведамляць пра яе ў праваахоўныя органы. Ён падкрэсліў, што бяспека грамадзян залежыць не толькі ад супрацоўнікаў міліцыі, але і ад саміх грамадзян, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Фармагей: за распаўсюд ілжывай інфармацыі пагражае крымінальная адказнасць

Як адзначыў начальнік мінскай міліцыі, асобныя грамадзяне з мэтай дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне сталі распаўсюджваць чуткі пра выбухі, што нібыта мелі месца ў Мінску . Па словах Леаніда Фармагея, такія дзеянні недапушчальныя як з этычнага, так і з юрыдычнага пункту гледжання. Так, згодна з арт. 340 Крымінальнага кодэксу Беларусі за дадзенае злачынства прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў.

Згодзен з начальнікам мінскага ГУУС і дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў. «Хацеў бы выказаць сваё здзіўленне з нагоды таго, што знаходзяцца людзі, якія ў гэтай складанай абстаноўцы, на гэтай трагедыі, спрабуюць зарабіць нейкія дывідэнды. Сеюць паніку. Сёння з раніцы пастаянна правяраліся некаторыя чуткі…», — сказаў ён, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, такая інфармацыя адрывае праваахоўнікаў ад працы. «Ёсць людзі, якія хочуць нібыта пажартаваць, не разумеючы, што гэта злыя жарты, гэта крымінал. За гэта нясецца крымінальная адказнасць. Але ёсць, напэўна, і тыя, хто знарок спрабуе падліць алею ў агонь … Ёсць розныя матывы. Мы будзем разбірацца ў кожным канкрэтным выпадку і разбіраемся. Будзем прымаць адэкватныя меры», — падкрэсліў Леанід Мальцаў.

«У мяне няма сумневаў, што агульнымі намаганнямі мы адновім парадак і будзем жыць мірна, так як і жылі. У стабільнай бяспечнай краіне», — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Как вам новость?
Головоломки