Мінскія праваахоўнікі ў апошні час усё часцей сутыкаюцца з выпадкамі звароту падробленых банкнот Нацбанка Беларусі наміналам 20 тыс. і 50 тыс. рублёў. Як распавёў прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Мінска Кацярына Лісоўская, аператыўнікам пакуль не вядома, фальшывыя грошы распаўсюджваюць адны і тыя ж злачынцы альбо розныя.
У любым выпадку сталічная міліцыя раіць грамадзянам уважліва правяраць купюры на сапраўднасць. Фальшывыя банкноты адрозніваюцца нізкай якасцю паперы, на іх няма вадзяных знакаў і рэльефных малюнкаў. Часам на фальшыўках лупіцца і абсыпаецца фарба, перадае БелТА.
Грамадзян, якія выявілі ў сябе падобныя фальшыўкі, міліцыя заклікае дапамагчы следчым органам: здаць падробленыя купюры ў органы ўнутраных спраў і паспрабаваць успомніць, якім чынам яны атрымалі фальшывыя грошы.
Варта адзначыць, што, паводле крымінальнага Кодэкса Беларусі, за падробку банкнотаў злачынцам можа пагражаць да сямі гадоў пазбаўлення волі, за паўторныя дзеянні — да 15 гадоў.