Янукевіч: Беларусь не адмовіцца ад удзелу ў інтэграцыйных структурах СНД

06.10.2010 16:04
Архив Редакция

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч лічыць, што Беларусь не будзе адмаўляцца ад удзелу ў інтэграцыйных структурах СНД. Для гэтага беларускі палітык "не бачыць ніякіх пэрспэктываў". Паводле яго слоў, рэзкія заявы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з гэтай нагоды — гэта "проста рэакцыя на рыторыку расійскага кіраўніцтва".

«У нас уся сістэма народнай гаспадаркі пабудавана з ухілам на Расію і на постсавецкія дамоўленасці. Безумоўна, можна знайсці і новыя шляхі рэформаў, інтэграцыі ў еўрапейскую прастору, але для гэтага трэба праводзіць палітычныя рэформы і палітычную лібералізацыю. А на гэта, думаю, беларуская ўлада пакуль не згодная ісці. Так што, на мой погляд, сёння гучаць проста заявы», — падкрэсліў Аляксей Янукевіч.

У той жа час лідар Партыі БНФ лічыць, што наступствы нядаўняга «абмену кампліментамі» паміж лідарамі Беларусі і Расіі будуць мець сур’ёзныя наступствы, перадае Euramost.org.

«Беларуская ўлада апынецца на міжнароднай арэне ў падвешаным стане. І гэта будзе моцны знак для «вертыкалі» і наменклатуры. Калі Крэмль не прызнае выбары, то гэта можа пацягнуць ў найбліжэйшай перспектыве вельмі значныя змены», — заявіў Аляксей Янукевіч.

У той жа час палітык адзначыў, што ён асабіста не шкадуе аб тым, што адносіны дзвюх дзяржаў ужо не вернуцца на ранейшы ўзровень. «Таму што не лічу, што яны былі нармальнымі. А цяперашнія адносіны будуць, напэўна, у стане перманентнага інфармацыйнага і эканамічнага скандалу. Бакі працягнуць выпады на адрас адзін аднаго. Як мне здаецца, такая сітуацыя будзе доўжыцца да прэзідэнцкіх выбараў. А далей ужо ўсё будзе залежаць ад таго, ці зможа дзейны кіраўнік дзяржавы абрацца на чарговы тэрмін», — растлумачыў кіраўнік Партыі БНФ.

Як раней перадаваў Тэлеграф, крыніца ў Мінску паведаміла, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў выпадку непрызнання расійскімі ўладамі вынікаў выбараў кіраўніка дзяржавы ў краіне, Беларусь спыніць свой удзел ва ўсіх асноўных інтэграцыйных структурах постсавецкай прасторы.

Как вам новость?
Головоломки