Янукевіч: БНФ не па дарозе з іншымі прэтэндэнтамі

09.11.2010 11:03
Архив Редакция

Партыя БНФ адмовілася ад каардынацыі дзеянняў з апазіцыйнымі прэтэндэнтамі на прэзідэнцкі пост у пытанні магчымага вызначэння адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах. "Стратэгічна нам не па дарозе ні з кім іншым з прэтэндэнтаў у прэзідэнты", — заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

«З самага пачатку гэтага выбарчага цыклу мы абралі курс, у галаву якога і асноўнай мэтай якога была вызначана абарона нацыянальных інтарэсаў. Задача-максімум для нас на гэтых выбарах з’яўляецца перамога кандыдата ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, а задача-мінімум — захаванне палітычнай і эканамічнай незалежнасці Беларусі», — растлумачыў Аляксей Янукевіч, паведамляе Euramost.org.

На думку палітыка, аб’яднанне з іншымі апазіцыйнымі прэтэндэнтамі не дапаможа БНФ вырашыць пастаўленыя стратэгічныя задачы. «Безумоўна, мы каардынуемся па нейкіх тактычных пытаннях і гатовыя каардынаваць нашыя дзеянні і далей, але ў плане стратэгіі мы не бачым, што б мы маглі рабіць разам», — адзначыў лідар партыі.

Па словах Аляксея Янукевіча, пад тактычнымі пытаннямі ён разумее каардынацыю інфармацыі па назіранні, прапановы па змене ўмоваў правядзення выбараў. «Гэта абсалютна відавочныя асноватворныя рэчы, якія маюць каштоўнасць для ўсіх апазіцыйных кандыдатаў, таму, безумоўна, у такіх справах мы ўдзельнічаем, і некаторыя з іх мы нават ініцыявалі. Пад той скаргай, якую ў пятніцу разглядала Цэнтральная камісія па выбарах, стаяў і подпіс Кастусёва», — сказаў апазіцыйны палітык.

Пры гэтым Аляксей Янукевіч запэўнівае, што пазіцыя БНФ не зменіцца пасля рэгістрацыі прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта ў якасці кандыдатаў. «У выпадку рэгістрацыі нашага кандыдата мы збіраемся ісці да канца, да перамогі. У выпадку нерэгістрацыі мы, верагодна, сканцэнтруемся на арганізацыі акцый пратэсту, але на дадзены момант я не бачу кандыдата, якога мы лічылі бы годным таго, каб яго падтрымаць», — падкрэсліў лідар партыі.

Как вам новость?
Головоломки