Янукевіч: я не гатовы падстаўляць людзей пад дубінкі

22.03.2011 15:26
Архив Редакция

Аргкамітэт па правядзенні акцыі ў Дзень Волі, 25 сакавіка, заявіў, што не збіраецца праводзіць шэсце ні на плошчу Бангалор, ні на плошчу Якуба Коласа. "Не думаю, што адказнасць арганізатараў збору на Якуба Коласа будзе адрознівацца ад адказнасці за ўскладанне кветак у скверы Янкі Купалы. Перш за ўсё, мы хвалюемся за простых удзельнікаў", — адзначыў кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Пра гэта ён паведаміў 22 сакавіка ў ходзе прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню Волі, якая адбылася каля будынка суда Маскоўскага раёна сталіцы перад пачаткам судовага працэсу над лідарамі зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады Фронт» Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

На канферэнцыі таксама прысутнічалі адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў, адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыі» Дзяніс Садоўскі БХД, адзін з лідараў «Маладога Фронту» Мікалай Дземідзенка і актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

Дземідзенка: лідары апазіцыі проста баяцца ісці на Якуба Коласа

Мікалай Дземідзенка і Максім Вінярскі заклікалі прысутных арганізаваць шэсце на плошчу Якуба Коласа. «Верагодна, зараз страх ахапіў не толькі беларускае грамадства, але і лідараў апазіцыі», — мяркуе Мікалай Дземідзенка. Па меркаванні аднаго з лідараў «Маладога Фронту», ад ўскладання кветак у скверы Янкі Купалы варта адмовіцца. «У гэты трагічны момант, калі працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, не да ўскладання кветак», — лічыць ён.

Аляксей Янукевіч, Дзяніс Садоўскі, Андрэй Дзмітрыеў і Алесь Макаеў у сваю чаргу заявілі, што прыйдуць на плошчу Якуба Коласа, але не гатовыя «падстаўляць людзей па дубінкі». Члены аргкамітэту па правядзенні акцыі 25 сакавіка таксама заявілі, што ў скверы будуць не проста ўскладаць кветкі, а запаляць там свечкі, прынясуць у сквер партрэты зняволеных апазіцыянераў, нацыянальную сімволіку, а таксама будуць прамаўляць аб сённяшнім становішчы ў краіне.

Акрамя таго, у ходзе канферэнцыі яны падпісаліся пад лістом у суд у сувязі з забаронай Мінгарвыканкамам правядзення шэсця па заяўленым маршруце плошча Якуба Коласа — сквер Янкі Купалы.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 18 сакавіка Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні запланаваных апазіцыяй шэсця і мітынгу ў Дзень Волi 25 сакавіка, дазволіўшы толькі правядзенне з 18:00 да 20:00 мітынгу ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Збор удзельнікаў акцыі апазіцыя планавала правесці ў 18:00-18:30 на плошчы Якуба Коласа. Затым павінна было адбыцца шэсце па праспекце Незалежнасці да сквера імя Янкі Купалы, дзе на 20:30-21:00 быў намечаны мітынг.

Аднак пазней, 22 сакавіка, стала вядома, што аргкамітэт па правядзенні акцыі адмовіўся ад шэсця і мітынгу ў Дзень Волі, прапанаваўшы замест гэтага ўсім жадаючым на працягу дня прыходзіць да помніка Янку Купалу і ўскладаць кветкі.

Как вам новость?
Головоломки