Янукевіч: ні адзін прэтэндэнт не падпісаў «Маніфест» ПБНФ

03.09.2010 15:34
Архив Редакция

Не адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты не падпісаў "Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў", прапанаваны Партыяй БНФ. Пра гэта паведаміў кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч. «Прайшоў час, але да гэтага часу не адгукнуўся ні адзін», — адзначыў палітык. Тым не менш, па яго словах, палажэнні маніфесту варта абмеркаваць на дэбатах.

«Палажэнні маніфесту выклікалі цікавасць у сродкаў масавай інфармацыі і патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Я гатовы ў дэбатах даказаць, што падчас прэзідэнцкай кампаніі апазіцыйны кандыдат павінен адстойваць нацыянальныя інтарэсы, а не, напрыклад, прарасійскія», — заявіў Аляксей Янукевіч, перадае Euramost.org.

Кіраўнік ПБНФ адзначыў, што партыя не імкнецца атрымаць канкрэтны адказ ад кожнага прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост. «Але мы насамрэч лічым, што такія дэбаты патрэбныя і, калі нехта вырашыцца паўдзельнічаць супраць Рыгора Кастусёва, то можам прапанаваць сваё месца і фармат», — паведаміў палітык. У якасці магчымых мадэратараў дэбатаў ён прапанаваў вядомых палітолагаў Аляксандра Класкоўскага і Віталя Сіліцкага.

Янукевіч: прэтэндэнтам нявыгадна выказвацца супраць «Маніфеста»

«Прэтэндэнт Андрэй Саннікаў, напэўна, спрабаваў атрымаць плюсы, рэзка адрэагаваўшы на наш маніфест, але атрымаў больш мінусаў. Так што тыя прэтэндэнты, якія падтрымліваюць такую лінію, яны, можа быць, на прыкладзе Саннікава паглядзелі, што гэта ім не вельмі выгадна», — адзначыў Аляксей Янукевіч.

Ён таксама адзначыў, што не верыць у тое, што «Крэмль нам (Беларусі — Тэлеграф) можа прынесці дэмакратычныя імпульсы». «Думаю, што і дэмакратычныя прэтэндэнты на прэзідэнцкі пост гэта разумеюць. А, калі не разумеюць, то мы гатовыя да дыскусіі», — падкрэсліў кіраўнік ПБНФ.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 23 жніўня лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад партыі Рыгор Кастусёў агучылі «Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў», у якім, у прыватнасці, значылася, што Беларусь павінна выйсці са складу Мытнага саюза і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

У сваю чаргу лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў назваў гэты маніфест недарэчным. Па словах палітыка, «ні адзін разважны палітык Беларусі не падпіша выпушчаны цяперашнім кіраўніцтвам ПБНФ маніфест».

Крыху пазней аб сваім нежаданні падпісваць «Маніфест» заявіў і лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў.

Как вам новость?
Головоломки