Янукевіч: перспектыў у Мытнага саюза ўсё роўна няма

06.07.2010 16:26
Архив Редакция

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што перспектываў у Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана ўсё роўна ніякіх няма, нягледзячы на тое, што дакументы падпісаныя. "І, наогул, лічу, што гэта не адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам. Прыярытэтам нашай эканамічнай палітыкі павінна стаць ўваходжанне ў Сусветную гандлёвую арганізацыю", — сказаў палітык.

«А ўступленне ў Мытны саюз перакрэслівае нават магчымасць весці перамовы па СГА. І гэта насамрэч адкідае нас назад ў магчымасцях інтэграцыі беларускай эканомікі ва ўсясветную», — мяркуе лідар ПБНФ, паведамляе Euramost.org.

У сваю чаргу, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч назваў суворай неабходнасцю тое, што Беларусь падпісала дакументы па Мытным саюзе.

«Таму што куды вывозіць тыя тавары і прадукцыю, якая ляжыць на беларускіх складах? Іншая справа, да чаго ўсё гэта прывядзе. Абсалютна зразумела, што будзе ставіцца пытанне аб тым, каб расійскі бізнэс меў доступ да беларускіх прадпрыемстваў і гэтак далей. Таму сёння вельмі цяжка сказаць, што будзе далей. Цяпер, вядома, у Мытным саюзе можна знаходзіць і свае плюсы, і мінусы. Але, на мой погляд, плюсаў ўсё ж такі больш, калі браць рэальную эканамічную сітуацыю ў краіне», — сказаў Анатоль Ляўковіч.

«Сяброўства з краінамі Лацінскай Амерыкі, вядома, добра, але ўсім зразумела, што Расію, якая побач з намі, ніхто не заменіць. Ды і эксперты кажуць, што еўрапейскія эканамічныя суб’екты зацікаўлены ствараць свае сумесныя прадпрыемствы ў Беларусі, паколькі ў Мытным саюзе адкрываецца вялікі рынак. Але час пакажа, як гэта ўсё будзе працаваць на практыцы», — адзначыў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Как вам новость?