Янукевіч: уплыў Захаду і РФ на выбары будзе невысокім

25.07.2010 16:05
Архив Редакция

Ступень уплыву Расіі і Захаду на выбары прэзідэнта ў Беларусі будзе невысокай. Такое меркаванне выказаў 24 ліпеня старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч на соймавай нарадзе членаў партыі. На яго думку, Еўропа і ЗША будуць весці сябе досыць пасіўна, а Расія - узмацняць свой уплыў, перш за ўсё, інфармацыйны. 

«Да даты правядзення прэзідэнцкіх выбараў інфармацыйная кампанія супраць Лукашэнкі будзе ўзмацняцца. Паказаныя па НТВ сюжэты — не разавыя. Расія будзе працаваць на тое, каб Лукашэнка не стаў прэзідэнтам», — заявіў Аляксей Янукевіч, перадае БелаПАН
Лідэр ПБНФ таксама выказаў здагадку, што расійскія СМІ могуць распаўсюдзіць інфармацыю аб нейкіх банкаўскіх рахунках прадстаўнікоў улады за мяжой. Паколькі, на яго думку, расійскі інфармацыйны ўплыў на насельніцтва Беларусі невялікі, Масква можа паспрабаваць стварыць у Беларусі прарасійскую сілу. 
  
«У такой сітуацыі мы вымушаныя змагацца на два франты — супраць Лукашэнкі і магчымага прарасійскага кандыдата. Нацыянальна-дэмакратычныя сілы павінны разлічваць толькі на сябе», — заявіў Аляксей Янукевіч. 
Івашкевіч: за акцыяй 16 жніўня будзе назіраць ўвесь дыпкорпус 
Таксама на сходзе членаў сойма ПБНФ выступіў старшыня мінскай гарадской арганізацыі партыі Віктар Івашкевіч, які заявіў, што ўвесь акрэдытаваны ў Беларусі дыпламатычны корпус будзе назіраць 16 жніўня за акцыяй апазіцыі з патрабаваннем правесці міжнароднае расследаванне знікненняў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. 
Віктар Івашкевіч заявіў, што ўжо дасягнута адпаведная дамоўленасць з замежнымі прадстаўніцтвамі, а таксама з еўрапейскімі і расійскімі СМІ. На яго думку, «у сувязі з вялікай міжнароднай увагай да акцыі ўлады не будуць на яе жорстка рэагаваць». 
Як раней паведамляў Тэлеграф, Віктар Івашкевіч паведаміў, што ён разам з Яўгенам Афнагелем і Паўлам Юхневічам перадалі ў сталічны гарвыканкам заяву на правядзенне 16 жніўня мітынгу і шэсця пад лозунгам «Патрабуем міжнароднага расследавання справаў зніклых».