Ярашук: Беларусі не вернуць гандлёвыя прэферэнцыі ЕС у 2010 годзе

16.03.2010 09:07
Архив Редакция

Лідар Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што Еўракамісія не верне Беларусь у Абагульненую сістэму прэферэнцый Еўрасаюза ў цяперашнім годзе. "Можа і ёсць нейкія кулуарныя дамоўленасці з Еўрасаюзам, але мне яны ўяўляюцца ў ліку не вельмі рэалістычных сцэнараў развіцця падзей", — сказаў старшыня БКДП.

Па словах Аляксандра Ярашука, больш рэальным сцэнарам з’яўляецца тое, што «галоўныя заключэнні пра прагрэс у становішчы прафсаюзаў у Беларусі будуць зроблены падчас штогадовай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы ў жніўні гэтага года ў Жэневе», паведамляе «Беларускі партызан».

Старшыня БКДП таксама падкрэсліў, што прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў кажуць пра ўзмацненне адміністрацыйнага ціску на іх актывістаў. «Незалежныя прафсаюзы перадалі ў Міжнародную арганізацыю працы ліст з пералікам 12 асноўных парушэнняў сваіх правоў уладамі», — распавёў Аляксандр Ярашук.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у 2003 годзе Адміністрацыйная рада МАП пачала расследаванне скаргі незалежных беларускіх прафсаюзаў пра парушэнне іх правоў з боку ўлад. Адмысловая камісія пацвердзіла факты парушэння правоў працаўнікоў. У выніку ў 2007 годзе за парушэнні правоў прафсаюзаў Беларусь была выключана з Абагульненай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза.

У сваю чаргу, беларускія ўлады спадзяюцца, што перашкоды, якія існуюць на шляху вяртання краіны ў Абагульненую сістэму прэферэнцый ЕС, будуць пераадолены. «Цяжка сказаць, калі гэта адбудзецца. Мы разлічваем, што ва ўмовах звычайнага, давернага дыялогу гэта можна было б ажыццявіць у 2010 годзе», — сказаў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі.

Как вам новость?
Головоломки