Ярашук: кантрактную сістэму трэба цалкам адмяніць

05.04.2010 15:20
Архив Редакция

Лідар Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што новы ўказ прэзідэнта Беларусі, які дае наймальнікам права складаць з працаўнікамі бестэрміновыя кантракты праз пяць гадоў добрасумленнай працы, не зменіць сітуацыю ў сферы працоўных адносін. "Нашы прафсаюзы не раз казалі, што кантрактную сістэму трэба наогул адмяняць", — падкрэсліў старшыня БКДП.

Па словах Аляксандра Ярашука, усё, што адбываецца вакол «удасканалення» кантрактнай сістэмы — гэта пыл у вочы, бачнасць лібералізацыі ў сферы працоўных адносін». «Юрысты зараз наогул ломяць галаву над пытаннем: навошта было прымаць такія дакументы, калі, па вялікім рахунку, заключэнне кароткатэрміновых кантрактаў — гэта не абавязак, а права наймальніка», — адзначыў кіраўнік БКДП, перадае Euramost.org.

«І да пяці гадоў ніхто не прымушае наймальніка складаць кароткатэрміновыя кантракты, — падкрэсліў Аляксандр Ярашук. — Так што тут атрымліваецца нейкі юрыдычны нонсэнс. Гэтым толькі лішні раз пацвярджаецца, што дэкрэт у свой час прымаўся з палітычнай мэтай, і насамрэч дагэтуль не гарантавана, што нашы працаўнікі, якія добрасумленна працуюць, на 100% абаронены ад звальнення, калі маюць уласныя палітычныя погляды».

Па меркаванні старшыні БКДП, права наймальніка складаць кантракты «неяк аўтаматычна трансфармавалася ў абавязак». «Я лічу, што цяпер юрысты яшчэ разбяруць гэты дакумент па складовых, хоць для мяне і так усё ясна. Незразумела толькі, навошта яго трэба было рэкламаваць з такой помпай», — рэзюмаваў Аляксандр Ярашук.

Как вам новость?
Головоломки