Ярашук: рашэнне ўключыцца ў прэзідэнцкую кампанію я прыму свядома

11.05.2010 15:05
Архив Редакция

Лідар Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук заявіў, што ягоны ўдзел у выбарах адзінага кандыдата і рашэнне ўключыцца ў прэзідэнцкую кампанію будзе прымацца "цалкам свядома". "Без сумневу, я не збіраюся гэта рабіць кялейна, кулуарна", — падкрэсліў старшыня БКДП.

«Безумоўна, мы збярэм раду, гэта будзе наша агульнае рашэнне, пасля чаго мая арганізацыя не будзе несці ні юрыдычнай, ні палітычнай адказнасці за мае дзеянні. Не выключаю, што на гэты час мне прыйдзецца пакінуць пост кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў», — расказаў Аляксандр Ярашук у інтэрв’ю «Завтра твоей страны».
Па словах кіраўніка БКДП, ён не збіраецца «браць у закладнікі ні сваю арганізацыю, ні ў цэлым незалежныя прафсаюзы». «Калі такое рашэнне будзе прымацца, гэта будзе мой выбар і права грамадзяніна. У дадзеным выпадку я зыходжу з таго, што фармальная падтрымка і заявы тыпу «мая арганізацыя мяне падтрымала» нічога не значаць. Для мяне важней, калі гэта будзе падтрымка чалавека, якому блізкія мае ідэі, а не я, як лідар незалежных прафсаюзаў», — расказаў Аляксандр Ярашук.
Лідар Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў таксама адзначыў, што ў яго ёсць «адна сур’ёзная перавага» перад іншымі прэтэндэнтамі на ролю адзінага кандыдата для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. «Гэта мой уласны рэсурс: жыццёвы досвед і працоўная дзейнасць, якая самым сур’ёзным чынам звязана з кіраваннем, — адзначыў Аляксандр Ярашук. — Я працаваў у сістэме КПСС, у дзяржкіраванні, дастаткова звязаны з прафсаюзным рухам. Я магу разважаць пра тое, як кіраваць дзяржавай не з пункту гледжання тэорыі, а з пункту гледжання практыкі». 
Ярашук: рэсурс цяперашняй улады цалкам сябе вычарпаў
Па словах старшыні БКДП, самым важным цяпер  «для выбарншчыкаў, электарата, беларускага грамадства з’яўляецца не абяцанне якіх-небудзь узрушэнняў, запэўненняў, што мы перакрэслім усё тое, што было створана да нас і пачнем ствараць зусім іншую краіну, палітыку, эканоміку». 
«Шанцы перамагчы на гэтых выбарах могуць быць толькі ў тым выпадку, калі мы будзем працягваць тое, што было пазітыўнае за 16 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі і разам з тым пераадольваць той негатыў, які стаў тормазам і прывёў да неабходнасці замены ўлады, — падкрэсліў Аляксандр Ярашук. — З майго пункта гледжання, рэсурс цяперашняй улады цалкам сябе вычарпаў, краіна цяжарная зменамі. Але, паўтаруся: мы не збіраемся руйнаваць усё дашчэнту». 
Лідар незалежных прафсаюзаў дадаў, што «ў нашай палітыцы павінна быць пераемнасць»: «Інакш мы ніколі не выбудуем сваю ўласную дзяржаўнасць, не адбудземся ў якасці незалежнай Рэспублікі Беларусь». 
Кажучы пра падтрымку з боку людзей, на якую разлічвае лідар БКДП, Аляксандр Ярашук сказаў: «Сёння пласт людзей, якія жадаюць зменаў, значна большы за тых, хто аб’яўляе сябе прыхільнікамі апазіцыйных ці дэмакратычных структур. Прычым вельмі шмат людзей, якія жадаюць прынцыповых зменаў, але якія ніяк не кансалідаваны ў апазіцыйны рух, і нават, наадварот, з недаверам ставяцца да нашай апазіцыі. Да іх трэба апеляваць, весці дыялог, каб нашыя ідэі сталі для іх прывабнымі».

Как вам новость?