Ярашук: толькі барацьбы з карупцыяй прафсаюзам яшчэ і не хапала

15.03.2010 11:39
Архив Редакция

Лідар Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук пракаментаваў пачатак кампаніі пракуратуры Віцебскай вобласці па прыцягненні чальцоў БРСМ і прафсаюзных працаўнікоў да справы барацьбы з карупцыяй. "Якім бокам прафсаюзы адносяцца да барацьбы з карупцыяй, я зразумець не магу, толькі барацьбы з ёй нам яшчэ і не хапала", — сказаў Аляксандр Ярашук.

«Напэўна, сілавікі дагэтуль ніяк не могуць перамагчы ў сабе савецкі менталітэт, — лічыць старшыня БКДП. — Прафсаюзы з’яўляюцца грамадскай арганізацыяй, і, як усялякая такая структура, ствараецца са сваімі мэтамі. Людзі аб’ядноўваюцца ў грамадскія арганізацыі па інтарэсах, і, напэўна, самае апошняе, што ім можа прыйсці ў галаву — яшчэ і браць на сябе клопаты і праблемы, якія з’яўляюцца выключна праблемамі дзяржаўных структур».

Па словах Аляксандра Ярашука, незалежныя прафсаюзы будуць зыходзіць з таго, што праваахоўныя органы павінны займацца сваёй справай, а прафсаюзы — сваёй. «Нам больш чым дастаткова сваіх уласных праблем. Ды й, калі карупцыяй будуць займацца людзі, якія да гэтага не маюць ніякага дачынення, дык, напэўна, сэнсу не будзе ўсё адно ніякага. Як у той народнай прымаўцы, калі шавец пачаў шыць порткі, а кравец стаў рабіць боты», — цытуе Euramost.org словы старшыні БКДП.

Аляксандр Ярашук падкрэсліў, што прафсаюзы не павінны вырашаць праблемы, якія з’яўляюцца «выключна спараджэннем сістэмы ўлады». «Дай Бог разабрацца са становішчам працаўнікоў у нашай краіне, таму што гэта адзінае поле, дзе павінны дзейнічаць прафсаюзы па сваім статуце. Поле, якое прадыктавана законам і канстытуцыяй», — канстатаваў лідар Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Как вам новость?
Головоломки