Ярмошына абяцае мінімум забаронаў на пікеты перад выбарамі

28.09.2010 12:36
Архив Редакция

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі плануе скараціць да мінімуму лік месцаў, дзе ініцыятыўным групам прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі забароняць праводзіць пікеты па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў. Пра гэта паведаміла 28 верасня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Паводле апошніх паправак, занесеных у Выбарчы кодэкс Беларусі, правядзенне пікетаў па зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты дазволена паўсюль, акрамя месцаў, дзе іх правядзенне забаранілі мясцовыя органы ўлады, перадае БелТА.

Па ініцыятыве Цэнтравыбаркаму спісы забароненых для правядзення пікетаў тэрыторый былі перагледжаныя. Так, напрыклад, Мінгарвыканкам, кіруючыся меркаваннямі бяспекі, планаваў забараніць правядзенне пікетаў у падземных пераходах. Аднак ЦВК настаяў на тым, каб гэтую забарону зняць і дазволіць ініцыятыўным групам збіраць подпісы ў падземных пераходах Мінску.

Лідзія Ярмошына лічыць, гэта будзе асабліва актуальна падчас восеньскіх халадоў, на якія выпадае перыяд збору подпісаў. «Пешаходныя пераходы стануць натуральнай хованкай для ініцыятыўных груп», — заявіла кіраўніца ЦВК.

Улады забаранілі праводзіць пікеты ў рэзідэнцыі прэзідэнта

Акрамя таго, пікеты дазволілі праводзіць у будынках кірмашоў, вакзалаў, гандлёвых цэнтраў. Абмежаванні на пікетаванне ў Мінску ўвядуць толькі на трох цэнтральных плошчах, а таксама ў радыусе 300 метраў ад рэзідэнцыі прэзідэнта Беларусі і 50 метраў ад будынкаў пракуратуры, судоў, праваахоўных органаў і пасольстваў.

Такім чынам, па словах старшыні ЦВК, для ініцыятыўных груп будуць створаны максімальна зручныя ўмовы для збору подпісаў у падтрымку патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты. Лідзія Ярмошына дадала, што Цэнтрвыбаркам спадзяецца на тое, што многія ініцыятыўныя групы змогуць справіцца з нялёгкай задачай па зборы 100 тыс. подпісаў і на будучых выбарах будзе шмат кандыдатаў.

Кіраўніца ЦВК паведаміла, што ўсе ўдзельнікі ініцыятыўных груп да канца сённяшняга дня (28 верасня) атрымаюць пасведчанні, падпісныя лісты і метадычныя тлумачэнні Цэнтрвыбаркама аб правядзенні выбараў. Збор подпісаў ўсе ініцыятыўныя групы змогуць пачаць адначасова — з 30 верасня. Да 29 кастрычніка яны павінны будуць здаць падпісныя лісты ў раённыя выбарчыя камісіі па месцы збору подпісаў.

Згодна з каляндарным планам правядзення выбарчай кампаніі 2010 года, рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты павінна завяршыцца да 23 лістапада. Аднак Лідзія Ярмошына разлічвае, што ЦВК справіцца з гэтай задачай раней і ўжо за месяц да выбараў кандыдаты змогуць прыступіць да агітацыі.

Как вам новость?