Ярмошына: чыноўнікі не павінны баяцца быць публічнымі

03.08.2010 11:28
Архив Редакция

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына лічыць, што людзі, у тым ліку і чыноўнікі, не павінны баяцца быць публічнымі. "Мяркую, некаторых калег скоўваў страх падацца смешным, недасведчаным, непадрыхтаваным. Або наадварот, страх залішне раскрыцца", — сказала Лідзія Ярмошына.

«Мне адна журналістка, папракаючы, задала прамое пытанне: «Навошта вам гэта трэба?». Ледзьве не распрананнем назвала стыль маіх зносін… Я ж думала, што дапамагаю вам працаваць, падаючы інфармацыю, а аказваецца, «стаўлю сябе ў дурацкае становішча». У кожным разе, так некаторыя лічаць», — адзначыла кіраўніца ЦВК, перадае «Беларускі партызан».

«Бываюць, вядома, непрыемныя моманты ў зносінах з журналістамі, калі ў спешцы возьмуць інтэрв’ю, нешта прапусцяць, нечага не зразумеюць, не дашлюць на вычытку, і ў выніку выходзіць у друк нешта скажонае… Калі мяне прызначылі старшынёй ЦВК, я пачала актыўна кантактаваць з прэсай. Калегі нават папракалі мяне ў нейкай нясціпласці. Хаця думкі «піярыць» сябе ў мяне не было. Разумееце, у адзін дзень з шараговага члена ЦВК я ператварылася ў чыноўніка высокага рангу. Зразумела, за такі кароткі перыяд часу немагчыма забыць сябе ўчорашнюю», — распавяла Лідзія Ярмошына.

Акрамя таго, па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, народнай славы яна таксама не шукае і пасля выбараў некаторы час нават насіла цёмныя акуляры. «Даволі доўга, з вясны і да позняй восені, я хадзіла ў цёмных акулярах — усё мне хацелася быць непазнанай. Калі пачалі распазнаваць па голасе, зразумела, што маскіроўка дарэмная», — сказала Лідзія Ярмошына.
 
Кіраўніца ЦВК прызналася ў тым, што некалі мужчыны «прытрымлівалі» ейны кар’ерны рост, але яна за гэта не крыўдуе. «Цяпер я думаю, што гэта цалкам правільна. Калі пры роўных умовах на адзін і той жа пост прэтэндуюць двое, перавагу трэба аддаваць мужчыну. Патлумачу чаму. Для жанчыны няўдалая кар’ера — непрыемны ўспамін пра тое, што магла б, але не стала. Для мужчыны — часта гэта сапсаванае жыццё і паламаны лёс», — лічыць Лідзія Ярмошына.

Па словах кіраўніка Цэнтрвыбаркама, да кар’ерных пытанняў трэба ставіцца вельмі спакойна. «Калі мяне прызначылі старшынёй Цэнтрвыбаркама, я шчыра казала, што зусім не з’яўляюся найлепшым юрыстам у краіне. Безумоўна, ёсць і лепшыя. Але такія паняцці, як удача, абставіны, можа, нават зоркі, які сышліся, ніхто не адмяняў — яны існуюць. Так што ў мяне, напэўна, гэта не кар’ера, а лёс», — распавяла Лідзія Ярмошына.

Как вам новость?