Ярмошына: да выбараў у Беларусі яшчэ ніхто не рыхтуецца

29.06.2010 13:19
Архив Редакция

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас вясновай сесіі не выносілі на разгляд пытанне аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў у краіне і не зробяць гэтага за астатнія два дні працы сесіі. Акрамя таго, па словах кіраўніка ЦВК, у Беларусі нават не пачыналася падрыхтоўка да будучых выбараў кіраўніка дзяржавы.

«Ніякай падрыхтоўчай працы не праводзілася і нават ніякіх намёкаў няма з боку Палаты прадстаўнікоў на гэта. Абсалютна нічога не ўзгоднена, і мне нічога не вядома», — цытуе Лідзію Ярмошыну «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Акрамя гэтага, кіраўніца Цэнтрвыбаркаму праінфармавала, што асабіста з пятага ліпеня ідзе ў адпачынак і што дата прэзыдэнцкіх выбараў у бліжэйшы час вызначацца не будзе.

Да гэтага Лідзія Ярмошына заяўляла аб тым, што лепшым, як яна лічыць, часам для правядзення выбараў кіраўніка дзяржавы з’яўляецца пачатак лютага наступнага года.

Раней, як ужо перадаваў Тэлеграф, намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі назваў «хлуснёй і паклёпам» інфармацыю шэрагу інтэрнэт-выданняў аб тым, што 16 чэрвеня Савет ніжняй палаты парламенту разгледзіць праект пастановы аб прызначэнні выбараў прэзідэнта Беларусі на 26 верасня гэтага года.

Прызначаць дату прэзыдэнцкіх выбараў будуць дэпутаты. Закрыццё гэтай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі плануецца 30 чэрвеня. Як адзначыў Віктар Гумінскі, калі адпаведны дакумент аб даце прэзідэнцкіх выбараў паступіць у Палату прадстаўнікоў, то дэпутаты для яго разгляду могуць сабрацца і на пазачарговую сесію.

Как вам новость?