Ярмошына: дзяржавай кіруюць кухаркі

12.03.2011 11:29
Архив Редакция

"Спраўдзілася запаветная мара бальшавікоў: з'яўляючыся кухаркамі на сваіх кухнях, жанчыны, тым не менш, кіруюць дзяржавай", — лічыць кіраўніца Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына. Аб гэтым яна заявіла 11 сакавіка, выступаючы падчас ўзнагароджання пераможцаў трэцяга рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года". 

Цырымонія адбылася ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, у яе ходзе былі названыя імёны Жанчын года краіны. «Беларусь — адна з нешматлікіх краін, дзе ўшанаванне жанчын носіць сапраўды агульнанацыянальны характар, напоўнена душэўнасцю і глыбокім зместам. Каля 70% дзяржслужачых — гэта жанчыны», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Паводле яе слоў, конкурс «Жанчына года» — гэта сімвал жаночай дабрачыннасці, на якой трымаецца свет. Старшыня ЦВК дадала, што канкурсантак аб’ядноўвае «любоў да жыцця, да дзяцей, да працы і, што немалаважна, да самой сабе». Лідзія Ярмошына спадзяецца, што ў будучыні гэты конкурс стане агульнанацыянальным, перадае БелТА.

На адкрыцці цырымоніі ўзнагароджання таксама выступіла старшыня журы конкурсу Надзея Ермакова, якая з’яўляецца лідарам Беларускага саюза жанчын і кіраўніком праўлення «Беларусбанка». «Мы ўшаноўваем сёння выдатных жанчын, і гаворка ідзе не толькі аб знешняй прыгажосці, але і аб духоўнай, аб дабрыні сэрцаў, аб працоўных дасягненнях і велізарных заслугах перад грамадствам», — сказала яна.

Пераможцамі назвалі дырэктараў заводаў і арганізацый

У ходзе мерапрыемства былі агучаныя імёны лепшых жанчын рэспублікі ў дзесяці намінацыях. Так, у намінацыі «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва» перамагла дырэктарка і мастацкая кіраўніца Беларускага дзяржаўнага цырка, заслужаная дзеячка мастацтваў Беларусі Таццяна Бандарчук.

У намінацыі «За актыўную грамадскую дзейнасць» — намесніца старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Лілія Кашанкова. Яна вядомая тым, што дамаглася адкрыцця ў Гарадзенскім раёне музея жанчыны-маці.

Рыта Кундзікава, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу горада Клічава, што ў Магілёўскай вобласці, названа лепшай у намінацыі «За дасягненне ў выхаванні дзяцей». Жанчына з’яўляецца маці-выхавальніцай больш за 20 гадоў, за гэты час яна выгадавала 32 дзіцяці, мае траіх уласных дарослых дзяцей. На дадзены момант у дзіцячым доме яна выхоўвае 18 хлопчыкаў і дзяўчынак, узнагароджана ордэнам Святога дабравернага царэвіча Дзімітрыя Угліцкага і Маскоўскага. «Я проста мама. І на гэтай сцэне я толькі дзякуючы сваім дзецям», — заўважыла Рыта Кундзікава, атрымліваючы ўзнагароду.

У намінацыі «За дабрачыннасць і міласэрнасць» перамагла Таццяна Удавенка — дырэктарка вытворчага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Вікторыя» з Лунінца, што ў Берасцейскай вобласці. Прадпрыемства дапамагае дзецям-інвалідам, аказвае фінансавую падтрымку дзіцячым дамам сямейнага тыпу, а таксама шэфствуе над дзіцячым сацыяльным прытулкам і цэнтрам карэктуючага развіцця. Так, за 2007-2010 гады «Вікторыя» аказала дапамогу на агульную суму ў 233 млн. рублёў (76,95 тыс. даляраў). Акрамя таго, Таццяна Удавенка ўдзельнічае ў будаўніцтве царквы ў Лунінцы ў гонар іконы «Пошук загінулых».

Прэмію ў намінацыі «За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне грамадства» атрымала кіраўніца фальклорнага калектыву «Гасцінец» Ракаўскага Цэнтру культуры і вольнага часу, кіраўніца хору парафіі святога Дамініка Лізавета Пятроўская.

Першай у намінацыі «За прафесіяналізм» прызнана гендырэктарка Берасцейскага панчошнага камбіната Таццяна Маторына, у намінацыі «За вернасць і адданасць прафесіі» — намесніца гендырэктара Мінскага трактарнага завода Ніна Прымшыц.

Лідарам у намінацыі «За ўклад у адраджэнне вёскі» прызналі дырэктара прадпрыемства «Отор» Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці Таццяну Струк.

Сярод пераможцаў — інвалід 1-й групы

Інвалід 1-й групы, майстар спорту Беларусі па фехтаванні Людміла Лемяшкевіч з Наваполацка ўзяла першынство ў намінацыі «За жаночую мужнасць». Жанчына займаецца спартыўнымі танцамі на інваліднай калясцы з 2000 года, мае шэсць срэбных і чатыры бронзавыя медалі.

Пераможцам у намінацыі «За ўдалы дэбют ў бізнэсе» стала заснавальніца-кіраўніца сталічнага ТАА «Стройфутура» Марына Міхалькова. Яе прадпрыемства займаецца продажам будматэрыялаў і з’яўляецца партнёрам дабрачыннага фонду «Дотык да жыцця».

Намінанткі атрымалі дыпломы, падарункі і кветкі, а пераможцы — крыштальныя статуэткі.

Спецыяльныя прызы «Жанчына-легенда» былі ўручаны дырэктару Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі і гематалогіі Вользе Алейнікавай, мастацкай кіраўніцы харэаграфічнага ансамбля «Харошкі» народнай артыстцы Беларусі Валянціне Гаявой, герою Сацыялістычнай працы Алене Пісаравай, заснавальніцы-кіраўніцы беларускай навуковай школы анкагінекалогіі Кацярыне Вішнеўскай і дырэктару Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў Людміле Мішчанцы.

Как вам новость?
Головоломки