Ярмошына: грошы на другі тур прэзідэнцкіх выбараў ужо выдзелілі

30.08.2010 17:34
Архив Редакция

Цэнтрвыбаркам падрыхтаваўся да таго, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць адбыцца ў два туры. Як распавяла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, грошы на гэта ўжо далі. Па словах Лідзіі Ярмошынай, на два туры прэзідэнцкіх выбараў выдзяляецца каля 37 млрд. рублёў, то бок прыкладна паўтара даляры з кожнага выбаршчыка.

«У нас заўсёды плануюцца грошы на правядзенне другога туру. А больш нічога і не патрабуецца! Другі тур праводзіцца без папярэдняга галасавання, ніякіх грошай на перадвыбарную прадукцыю ўжо не вылучаецца: кандыдатам нічога не даецца. Гэта толькі заробкі членаў камісій, якія будуць працаваць у гэты дзень, і грошы на выраб бюлетэняў. Таму тэхналагічна гэта вельмі проста і заўсёды ў нас запланавана», — расказала Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК прызналася, што асабіста яна другому туру прэзідэнцкіх выбараў не ўзрадуецца, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Як можна радавацца другому туру напружанай працы? Акрамя таго, другі тур абвастрае палітычныя супярэчнасці, якія ёсць у грамадстве. Таму другі тур не з’яўляецца пазітывам. Але гэта тое, што прадугледжана не тое, што законам, а Канстытуцыяй», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

Ярмошына: валасы ў выніку непрызнання выбараў я на сабе ірваць не буду

Старшыня ЦВК спадзяецца, што вынікі выбараў будуць прызнаныя сусветнай грамадскасцю і дадае, што ставіцца да такога прызнання вельмі сур’ёзна.

«Вядома, самае галоўнае — прызнанне выбараў унутры краіны, бо гэта вызначае стабільнасць грамадства. І міжнароднае прызнанне вельмі важнае. І Цэнтральная камісія заўсёды імкнецца працаваць на пазітыўны вынік. Безумоўна, валасы ў выніку непрызнання я на сабе ірваць не буду. Але гэта будзе горкім расчараваннем і дастаткова цяжкай душэўнай траўмай», — заявіла Лідзія Ярмошына.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, падчас прэзідэнцкіх выбараў мінулых гадоў сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў атрымлівалася не больш чым у чатырох прэтэндэнтаў. Сюрпрызаў ў гэтым плане старшыня ЦВК не чакае і на будучых выбарах.

Как вам новость?
Головоломки