Ярмошына: Лукашэнка зарэгістраваў ініцыятыўную групу законна

28.09.2010 17:26
Архив Редакция

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына 28 верасня заявіла, што дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі былі пададзеныя ў адпаведнасці з заканадаўствам. Кіраўнік ЦВК патлумачыла, што патэнцыйны кандыдат меў законнае права аформіць даверанасць на іншую асобу.

«У выбарчым заканадаўстве няма нормы, якая дазваляе прэтэндэнту на пост прэзідэнта дзейнічаць праз пасярэднікаў. Але і забароны на гэта няма. Палажэння аб тым, што прэтэндэнт павінен падаваць дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы асабіста, у заканадаўстве няма», — паведаміла старшыня ЦВК.

Больш за тое, Лідзія Ярмошына патлумачыла, што Цэнтрвыбаркам выпрацаваў практыку, у адпаведнасці з якой па генеральнай даверанасці прэтэндэнта можа дзейнічаць не толькі кіраўнік ініцыятыўнай групы, але і іншая асоба, перадае БелаПАН.

Ярмошына асабіста прыняла дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Лукашэнкі

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што яна асабіста прыняла дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі ў яе кіраўніка Аляксандра Радзькова.
Старшыня ЦВК патлумачыла, што прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта праходзілі ў Цэнтрвыбаркам праз асноўны ўваход. Аднак, як адзначыла Лідзія Ярмошына, Аляксандр Радзькоў як міністр адукацыі мае магчымасць і іншымі спосабамі перамяшчацца па Доме ўрада.
 
«Таму ён прыйшоў непасрэдна ў мой кабінет. І дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы прыняла ў яго я — як і любы іншы член камісіі мог здзейсніць падобнае дзеянне. Пасля таго як гэтыя дакументы паступілі да мяне, яны з маёй рэзалюцыяй былі адпраўленыя ў прыёмную па звароце грамадзян і зарэгістраваныя нароўні з астатнімі камплектамі дакументаў, якія паступілі ў гэты дзень. Так што, ніякай інтрыгі, усё вельмі проста», — распавяла Лідзія Ярмошына.

Ярмошына: на агіткампанію кандыдатам вылучылі з бюджэту 23 тыс. даляраў

Кіраўніца ЦВК таксама падкрэсліла, што на правядзенне паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі кандыдатам у прэзідэнты з дзяржбюджэту выдзяляецца дастаткова сродкаў. «Мы даем 2,3 тыс. базавых велічынь з бюджэту, то бок 80 млн. рублёў, або каля 23 тыс. даляраў. Гэта дадатковыя сродкі», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

«Акрамя таго, не будзем забываць аб той велізарнай фінансавай дапамозе, якую дае дзяржава ў выглядзе прадстаўлення бясплатнага эфірнага часу і бясплатных газетных плошчаў», — дадала старшыня ЦВК.

Как вам новость?
Головоломки