Ярмошына перамагла ў конкурсе «Сэксіст года-2010»

14.01.2011 11:40
Архив Редакция

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына перамагла ў інтэрнэт-прэміі «Сэксіст года-2010» у намінацыі "Спецыяльны прыз" і ў конкурсе ў цэлым. Інтэрнэт-прэмію заснавала ініцыятыўная група "За фемінізм". У прыватнасці, кіраўніца ЦВК перамагла за сваё выказванне пра жанчын, якія ўдзельнічалі ў падзеях 19 снежня ў Мінску.

«Спецыяльны прыз для жанчын, якія робяць антыжаночыя выказванні, выклікаў найбольшую цікавасць аўдыторыі», — гаворыцца на сайце прэміі.

«Тут з беспрэцэдэнтнай перавагай і па колькасці галасаваўшых ў намінацыі (3002 чалавекі), і па адсоткавых суадносінах (90%) перамагла старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына з выказваннем: «Сядзелі б дома, боршч варылі, а не па плошчах шасталі. Гэта ганьба для жанчыны — удзельнічаць у падобных мерапрыемствах», — пра жанчын, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту ў Мінску 19 снежня 2010 года», — адзначаюць арганізатары конкурсу.

У якасці прыза для Лідзіі Ярмошынай быў абраны алюмініевы рондаль, які, як паведамляюць арганізатары, «адправіцца ў Мінск».

Усяго ў конкурсе было тры намінацыі: Сэксіст года (асабісты залік), дзе намінаваліся аўтары сэксісцкіх выказванняў; Сэксісцкая рэклама года (камандны залік), дзе намінаваліся відэа- і аўдыё-ролікі, а таксама рэклама ў друкаваных СМІ і вонкавая рэклама; Спецыяльны прыз для жанчын, якія робяць антыжаночыя выказванні.

Адкрытае інтэрнэт-галасаванне праводзілася з 4 па 12 студзеня. 13 студзеня былі агучаныя вынікі галасавання.

Как вам новость?