Ярмошына: прэзідэнцкія выбары могуць прайсці восенню

03.05.2010 18:07
Архив Редакция

Кіраўніца Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла, што не выключае магчымасці правядзення прэзідэнцкіх выбараў увосень 2010 года. Старшыня ЦВК адзначыла, што прэзідэнцкія выбары прызначаюцца парламентам і, калі не праводзіць пазачарговых парламенцкіх сесій, то дата выбараў не можа быць прызначана раней за кастрычнік, калі пачынае працу восеньская сесія парламенту.

«Вядома, выбары было б зручней правесці да Новага года. Быў бы іншы настрой у грамадстве», — адзначыла Лідзія Ярмошына, перадае БелаПАН.

Пры гэтым, як паведаміла кіраўніца Цэнтравыбаркаму, з ёй адносна даты прэзідэнцкіх выбараў «ніхто не раіўся». «Дата прэзідэнцкіх выбараў — пытанне палітычнае. Але Цэнтравыбаркам павінен разглядаць пытанне правядзення выбараў у тым ліку ў практычнай плоскасці. Мне б не хацелася ўжо ў верасні прыступаць да актыўнай працы, але я б з разуменнем паставілася да прызначэння выбараў на восень», — адзначыла Лідзія Ярмошына.

У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь  прэзідэнцкія выбары павінны быць прызначаны не пазней чым за пяць месяцаў да пачатку і павінны праводзіцца ў нядзелю не пазней чым за два месяца да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта. Такім чынам, шостага лютага 2011 года — скрайні тэрмін правядзення прэзідэнцкіх выбараў.

У 2006 годзе ўжо меў месца прэцэдэнт прызначэння прэзідэнцкіх выбараў раней за належны тэрмін. Тады выбары прэзідэнта Беларусі павінны былі прайсці ўлетку, аднак дата правядзення была пересена на сакавік.

Как вам новость?