Ярмошына: у Беларусі пераможца на выбарах заўсёды сапраўдны

23.11.2010 17:54
Архив Редакция

У Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах пераможца заўсёды сапраўдны. Пра гэта 23 лістапада заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына. "Тое, што выбары не прызнаюць, не азначае, што пераможца несапраўдны: проста не ўсіх ён задавальняе", — адзначыла кіраўніца ЦВК. Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што яна заўсёды працуе сумленна, бо яна "не здольная да несумленных учынкаў".

Гаворачы аб магчымым абсталяванні выбарчых участкаў празрыстымі скрынямі, Лідзія Ярмошына адзначыла, што гэтае пытанне павінна вырашацца на месцах. «Калі хто-небудзь з прадпрымальнікаў захоча звярнуцца з гэтай нагоды, дапамагчы, то няхай падыходзіць на ўчасткі для галасавання, у мясцовыя выканкамы, якія нясуць адказнасць за абсталяванне выбарчых участкаў і прапануюць свае паслугі», — растлумачыла старшыня ЦВК.

Акрамя таго, Лідзія Ярмошына нагадала аб тым, што ЦВК стварыў спецыяльны пазабюджэтны фонд. Сродкі, якія паступілі туды, будуць размяркоўвацца паміж выбарчымі камісіямі, якія змогуць набыць на іх неабходнае абсталяванне, у тым ліку, празрыстыя скрыні для галасавання, перадае БелТА.

Лідзія Ярмошына таксама падкрэсліла, што ніхто з беларускіх прадпрымальнікаў з прапановай прафінансаваць абсталяванне выбарчых участкаў празрыстымі скрынямі ў ЦВК не звяртаўся. «Ніякай адмовы няма. Гэта наўмыснае ўвядзенне ў зман выбаршчыкаў з боку пэўных палітычных сіл», — падкрэсліла кіраўніца ЦВК.

Лідзія Ярмошына таксама адзначыла, што ў сувязі з вялікай колькасцю кандыдатаў, цяперашнія бюлетэні для галасавання па памерах будуць крыху большымі за звычайныя. «Бюлетэнь па памеры будзе дзесьці паўтара звычайнага ліста. Але гэта будзе абавязкова адзін аркуш. Гэта не так шмат. Замежныя рэпартажы паказваюць «прасціны» значна большыя, і разабрацца там складаней. Разам з тым гэта, натуральна, пацягне падаражэнне выбарчай кампаніі, падаражэнне выдаткаў на паперу, выраб бюлетэняў», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

Акрамя таго, кіраўніца ЦВК не выключыла магчымасці, што з-за большага памеру бюлетэняў на участках спатрэбіцца больш скрыняў.

Как вам новость?
Головоломки