Ярмошына: збор подпісаў праходзіць паспяхова і спакойна

04.10.2010 13:03
Архив Редакция

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла, што збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Беларусі праходзіць "паспяхова, спакойна і досыць актыўна". Тым не менш, па словах кіраўніка ЦВК, не абыходзіцца без скаргаў.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што скаргі ў ЦВК паступаюць як ад саміх зборшчыкаў подпісаў, так і ад кіраўнікоў устаноў, побач з якімі ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы. Так, па словах старшыні ЦВК, не ўсе кіраўнікі устаноў разумеюць, што, напрыклад, тэрыторыя каля крамы не належыць краме і яе кіраўніцтва не мае права абмяжоўваць збор подпісаў, перадае БелТА.

Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што ўсе аналагічныя сітуацыі вырашаюцца на карысць ініцыятыўных груп з дапамогай мясцовых уладаў і непасрэдна Цэнтрвыбаркама.

Разам з тым кіраўніца ЦВК адзначыла, што ёсць ініцыятыўныя групы, якія вядуць сябе настолькі бесцырымонна, што перашкаджаюць нармальнай працы ўстаноў, побач з якімі яны праводзяць збор подпісаў. ЦВК не пакідае без увагі і такія сітуацыі, адзначыла Лідзія Ярмошына.

ЦВК: акрэдытацыя міжнародных назіральнікаў адбудзецца ў найбліжэйшы час

Кіраўніца ЦВК таксама паведаміла, што першых міжнародных назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта Беларусі ЦВК акрэдытуе ў найбліжэйшы час. Так, на 6 кастрычніка запланаваная сустрэча кіраўніцтва Цэнтрвыбаркама з кіраўніком місіі назіральнікаў з СНД Сяргеем Лебедзевым. Менавіта на гэтай сустрэчы, хутчэй за ўсё, будуць акрэдытаваны першыя міжнародныя назіральнікі.

У той жа час, заяўкі на акрэдытацыю міжнародных назіральнікаў ад іншых структур у ЦВК Беларусі пакуль не паступалі.

Как вам новость?
Головоломки