J:морс едуць у тур па Беларусі і выпускаюць дыск па галасах прыхільнікаў

25.03.2010 15:48
Архив Редакция

21 красавіка група "J:морс" прадставіць праграму "10 гадоў — усе хіты" ў сталічнай КЗ "Мінск" і адправіцца з ёй у тур па Беларусі. Трохі раней павінна выйсці складанка галоўных хітоў калектыву, складзеная на падставе інтэрнэт-галасавання.

Пасля эксперыментаў з гукам і аранжоўкамі ў рамках выпушчанага нядаўна на CD/DVD «Канцэрту ў тэатры», група «J:морс» пакажа электрычную праграму, аснову якой складуць лепшыя песні ў «класічных» версіях. Тур ахопіць Мінск і ўсе абласныя цэнтры.

«Я не схільны лічыць дзесяцігоддзе нейкім адмысловым дасягненнем ці глабальным святам. Гэта проста нагода згуляць па-добраму настальгічную праграму і трошкі азірнуцца назад. Заадно зазірнём наперад — пакажам некаторыя песні з будучага альбома, праца над якім ужо пачалася», — кажа Уладзімір Пугач.

Складанка, якая павінен выйсці напярэдадні тура, збярэ песні за дзесяць гадоў — бо першы альбом выйшаў менавіта ў 2000 годзе. За гэты час група «J:морс» выпусціла шэсць студыйных альбомаў, а больш за 20 песень з іх атрымалі прызнанне публікі ў выглядзе сінглаў. Малавядомым застаўся, мабыць, толькі дэбютны альбом «Ассорти» (2000). Ужо пачынаючы з максі-сінгла «Web-дизайн» (2002) папулярнасць групы стала актыўна расці дзякуючы кампазіцыям «Web-дызайн», «Глядзі» і «Айсбергі».

Права абраць галоўныя хіты з кожнага альбома для будучай складанкі музыкі вырашылі даручыць прыхільнікам. Галасаванне праходзіць на афіцыйным сайце www.jmors.by. Там жа можна праслухаць усе альбомы групы.

«Па маіх асабістых назіраннях за гэтыя гады ў групы сфармавалася некалькі пакаленняў слухачоў. Адным падабаюцца альбом «Ассорти» і сінгл «Web-дизайн», іншым — «Монтевидео» і «Апрель», трэцім — «Босиком по мостовой» і «Адлегласць», чацвёртым — «Аквамарин». Ідэя дадзенага галасавання ў тым, каб пачуць меркаванні ўсіх і зразумець, якія песні з кожнага дыска пакінулі самае зыркае ўражанне ў людзей. Заадно ўлічым вынікі пры падрыхтоўцы праграмы для гэтых канцэртаў», — адзначыў лідар «J:морс».

Графік тура:

21 красавіка — Мінск, КЗ «Менск»
22 красавіка — Брэст, ДК Прафсаюзаў
27 красавіка — Віцебск, КЗ Віцебск
28 красавіка — Гародня, КЗ Філармоніі
29 красавіка — Гомель, АКЦ
30 красавіка — Магілёў, клуб «Метро»

«Атлант Тэлекам» прадстаўляе: 21 красавіка ў КЗ «Мінск» група «J:морс» з праграмай «10 гадоў — усе хіты». Пачатак а 19:00. Квіткі: 25-60 тыс. рублёў. Інфалінія: (017) 209 45 45, (029) 1 8888 49

Как вам новость?