"Юнацтва" у пяты раз стала чэмпіёнам Беларусі па хакеі

05.04.2010 12:23
Архив Редакция

Перамогай хакеістаў мінскага "Юнацтва" завяршылася фінальная серыя адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі сезону 2009-2010 гадоў. У сёмым, вырашальным, паядынку плэй-оф у перапоўненай 15-тысячнай "Мінск-Арэне" падапечныя Міхаіла Захарава выйгралі ў салігорскага "Шахцёра" з лікам 2:1 (0:0, 1:1, 0:0, 1:0, у авертайме).

Вырашальную шайбу на 14-й хвіліне першага дадатковага перыяду закінуў Арцём Сянькевіч. Вынік фінальнай серыі да чатырох перамог стаў 4:3 на карысць «Юнацтва», паведамляе БелТА.

Чэмпіёнскі кубак пераможцам 18-га першынства краіны ўручыў старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін. 

У рэгулярным чэмпіянаце «Юнацтва» заняла першае месца, набраўшы 129 ачкоў у 52 матчах. «Шахцёр» фінішаваў другім — 112 (52).

На папярэднім этапе «Юнацтва» і «Шахцёр» сустракаліся чатыры разы. Тройчы выйгралі салігорцы — 2:1 (дома), 2:1 (у гасцях), 4:3 па булітах (у гасцях), а яшчэ раз мацней апынуліся мінчукі — 2:0 (у гасцях).

У ранейшыя гады «Юнацтва» чатырохразова выйгравала золата — у 2004, 2005 і 2006 і 2009 гадах. У 2007 годзе мінчукі былі бронзавымі прызёрамі, у 2008-м — срэбнымі.

Салігорскі «Шахцёр», створаны толькі напярэдадні цяперашняга сезону, з’яўляецца дэбютантам чэмпіянатаў Беларусі.

Бронзавым прызёрам цяперашняга чэмпіянату Беларусі стаў «Гомель». З двух няўдачнікаў паўфіналу ён заняў больш высокае месца за «Сокал». Пры роўнасці набраных ачкоў (па 107) гомельцы апярэдзілі кіяўлянаў толькі па дадатковых паказчыках (розніцы закінутых і прапушчаных шайбаў: +73 супраць +53).

Да гэтага часцей за ўсіх чэмпіёнамі Беларусі станавіліся мінскія клубы «Тывалі» (у 1993, 1994, 1995, 2000 гадах) і «Юнацтва» (2004, 2005, 2006, 2009). Тры разы золата заваёўваў гарадзенскі «Нёман» (1998, 1999, 2001). Па два разы лепшымі станавіліся наваполацкі «Палімір» (1996, 1997) і мінскі «Керамін» (2002, 2008), па разе — «Гомель» (2003) і міскае «Дынама» (2007).

Как вам новость?
Головоломки