Кабякоў: адмена падаткаў у Беларусі не зніжае падатковай нагрузкі

13.07.2010 15:07
Архив Редакция

Нягледзячы на тое, што за апошні час у Беларусі была адменена значная колькасць падаткаў, гэта не прыводзіць да істотнага зніжэння падатковай нагрузкі, заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў на паседжанні прэзідыума Савета міністраў.

У апошняй справаздачы Сусветнага банка Doing Business Беларусь па паказчыку «падаткаабкладанне» заняла апошняе, 183-е, месца. І гэта нягледзячы на тое, што за апошнія пару гадоў у краіне рэалізавалі 57 сістэмных мераў па спрашчэнні падатковай сістэмы, а падатковую нагрузку знізілі больш чым на 4,7%.

З гэтай нагоды на паседжанні, прысвечаным пытанню ўваходжання Беларусі ў трыццатку краінаў з найбольш спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнэсу, віцэ-прэм’ер заявіў, што «гэта адбываецца праз тое, што пры адмене адных падаткаў павялічваецца падатковая база па іншых, ідзе папаўненне даходнай часткі бюджэту». «У выніку пазіцыя ў рэйтынгу практычна не мяняецца», — канстатаваў намеснік кіраўніка ўрада.

Акрамя таго, прынятыя меры ў галіне падатковай палітыкі ўлічваюцца Сусветным банкам з лагам у адзін год. «Адпаведна, змена падатковага заканадаўства, якія ўступілі ў сілу ў Беларусі з 1 студзеня 2010 года, будзе ўлічана па выніках поўнага фінансавага года ў 2011 годзе пры падрыхтоўцы справаздачы Doing business 2012 і не ўвойдзе ў справаздачу Doing business 2011», — растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Нядрэнным вынікам, на думку віцэ-прэм’ера, можна лічыць дасягненне Беларуссю 70-га месца ў рэйтынгу па падатках. «Вядучыя еўрапейскія дзяржавы з развітой сістэмай дзяржабароны ў гэтым рэйтынгу знаходзяцца на месцах ніжэйшых за 70-е: Германія — 71-е, Аўстрыя — 102-е, Італія-135-е», адзначыў віцэ-прэм’ер.

Праблемнымі паказчыкамі па ўмовах вядзення бізнэсу з’яўляюцца міжнародны гандаль, дзе Беларусь займае 129-е месца, і крэдытаванне — 113-е.

Как вам новость?