Кабякоў: Беларусь не саступіць Расіі ў пытанні нафтапошлінаў

17.06.2010 14:34
Архив Редакция

Пытанне экспартных пошлінаў на расійскую нафту і нафтапрадукты не будзе абмяркоўвацца на паседжанні камісіі Мытнага саюза, якое пройдзе 18 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу. Пра гэта заявіў у Санкт-Пецярбургу намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў. Па словах беларускага віцэ-прэм'ера, прычынай гэтага сталася тое, што Расіі і Беларусі не ўдалося зблізіць пазіцыі па гэтай тэме, і Мінск працягне адстойваць свой пункт гледжання.

У сваю чаргу, 17 чэрвеня на брыфінгу ў Мінску начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што пазіцыя Беларусі па ўмовах Мытнага саюза не змянілася, паведамляе БелТА.

«Пазіцыя беларускага боку нязменная. Мы працягваем перамоўную працу на ўсіх узроўнях і нацэлены на пошук узаемапрымальнага рашэння», — заявіў Андрэй Савіных. Па словах прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, у чарговым паседжанні камісіі Мытнага саюза прыме ўдзел беларуская дэлегацыя на чале з Андрэем Кабяковым.

«Плануецца абмеркаванне шырокага кола пытанняў у сферы мытнага, тарыфнага, нетарыфнага і тэхнічнага рэгулявання, прымянення санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мераў, а таксама прымянення спецыяльных ахоўных, антыдэмпінгавых і кампенсацыйных мераў на адзінай мытнай тэрыторыі», — расказаў начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Беларусі.

Акрамя таго, у ходзе паседжання камісія прааналізуе ход падпісання пагадненняў і іншых прававых актаў, якія рэгулююць адміністрацыйныя працэдуры мытнага саюза, у тым ліку пагаднення аб парадку перамяшчэння фізічнымі асобамі тавараў для асабістага карыстання, расказаў прэс-сакратар МЗС.

«У ходзе паседжання будуць абмяркоўвацца вынікі працы ў тэставым рэжыме сістэмы па залічэнні і размеркаванні ўвазных мытных пошлінаў, а таксама ход уніфікацыі выдачы фітасанітарных сертыфікатаў на каранцінную прадукцыю», — паведаміў Андрэй Савіных.

Акрамя таго, у ходзе паседжання асаблівую ўвагу нададуць пытанню пераходнага перыяду пры спагнанні ўскосных падаткаў пры экспарце і імпарце тавараў. «Членамі камісіі будзе прадстаўлена інфармацыя аб ходзе выканання плана дзеянняў па фармаванні Адзінай эканамічнай прасторы, а таксама праект парадку дня чарговага паседжання вышэйшага органа мытнага саюза на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў», — адзначыў прадстаўнік МЗС.

Как вам новость?
Головоломки