Кабякоў: Мытны кодэкс МС ў Беларусі зменіць няшмат

02.07.2010 09:07
Архив Редакция

Віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што нават пры ўступленні ў сілу Мытнага кодэксу Мытнага саюза ў Беларусі нейкіх радыкальных зменаў чакаць не варта. Свой пункт гледжання намеснік кіраўніка ўрада аргумэнтаваў тым, што Мытны кодэкс Беларусі і МС з'яўляюцца "дастаткова блізкімі дакументамі адзін да аднаго".

Каментуючы неафіцыйную інфармацыю аб ратыфікацыі Мытнага кодэксу МС парламентам Беларусі, якая з’явілася ў СМІ, Андрэй Кабякоў заклікаў «не фетышызаваць асобныя часткі дзяржаўных працэдур» і адзначыў, што канчатковае рашэнне аб увядзенні дакументу ў дзеянне могуць прыняць толькі кіраўнікі дзяржаў Мытнага саюза, якія сустрэнуцца ў Астане пятага ліпеня, перадае БелаПАН.

Пры гэтым віцэ-прэм’ер у чарговы раз акцэнтаваў увагу журналістаў на пазіцыі беларускага боку, які настойвае на тым, каб Мытны саюз функцыянаваў без якіх-небудзь выняткаў і абмежаванняў. «Пытанне толькі, наколькі гатовыя да гэтага бакі. Беларускі бок гатовы», — заявіў намеснік кіраўніка ўрада Беларусі.

Як раней паведаміў Тэлеграф, увечары 30 чэрвеня адразу некалькі ананімных крыніцаў з беларускага і расійскага боку заявілі, што абедзве палаты парламенту Беларусі ратыфікавалі Мытны кодэкс Мытнага саюза на закрытым паседжанні ў апошні дзень вясновай сесіі. Афіцыйна гэтую інфармацыю яшчэ ніхто не пацвердзіў, але і не абверг. У любым выпадку працэс ратыфікацыі Беларуссю МК МС завершыцца толькі тады, калі подпіс пад дакументам паставіць прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Каменем сутыкнення ў працэсе ўвядзення ў дзеянне Мытнага кодэксу Беларуссю сталіся вывазныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія Расія ўвяла з першага студзеня 2010 года. Беларускі бок настойвае на іх поўнай або часовай адмене (да прыняцця рашэння па сваім іску Эканамічным судом СНД, куды звярнулася Міністэрства юстыцыі Беларусі).

Мытны кодэкс Мытнага саюза павінен быў ўступіць у сілу з першага ліпеня. 28 траўня яго ўжо падпісалі кіраўнікі ўрадаў Расіі і Казахстана, аднак беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі на тую сустрэчу ў Санкт-Пецярбург не прыехаў. Пасля гэтага ў Расіі заявілі, што ў выпадку адмовы Беларусі падпісаць МК МС з першага ліпеня Мытны саюз запрацуе ў поўную сілу ў двухбаковым фармаце, а Мінск зможа паўнавартасна далучыцца да яго пазней.

Как вам новость?