Кабякоў: на спажывецкім рынку краіны назіраецца прыкметнае ажыўленне

21.09.2010 15:21
Архив Редакция

З пачатку гэтага года на спажывецкім рынку Беларусі назіраецца прыкметнае ажыўленне. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў. Паводле яго слоў, прырост раздробнага таваразвароту ў студзені-жніўні 2010 года склаў 15,7%.

«Пры гэтым стымуляванне ўнутранага попыту ажыццяўляецца за кошт росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва, якія ў студзені-ліпені 2010 года павялічыліся на 10,1%, — паведаміў Андрэй Кабякоў. — Рост дзелавой актыўнасці ў свеце ў посткрызісны аднаўленчы перыяд адчувальна адбіваецца на выніках знешнеэканамічнай дзейнасці нашай краіны. Так, тэмп росту аб’ёму знешняга гандлю таварамі і паслугамі за сем месяцаў склаў 118,5%, у тым ліку экспарту — 122,2%, імпарту — 115,6%».

Разам з тым Андрэй Кабякоў адзначыў, што на развіццё знешняга гандлю краіны ў 2010 годзе негатыўна адбілася ўвядзенне Расіяй поўных экспартных пошлінаў на нафту і нафтапрадукты. «У выніку мы вымушаныя прыпыніць экспарт нафты, а таксама істотна знізіць пастаўкі на знешнія рынкі нафтапрадуктаў», — растлумачыў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.

Тым не менш, у цэлым вынікі васьмі месяцаў 2010 года дазваляюць казаць аб станоўчай дынаміцы ў ключавых галінах беларускай эканомікі, лічыць Андрэй Кабякоў. «У прыватнасці, пра гэта сведчаць тэмпы росту валавага ўнутранага прадукту. Так, калі за першы квартал прырост ВУП да адпаведнага перыяду 2009 года склаў 4%, то па выніках васьмі месяцаў — 6,1%», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

«Па выніках студзеня-жніўня 2010 года Беларусь з’яўляецца адным з лідараў сярод краін СНД па тэмпах эканамічнага росту», — цытуе Андрэя Кабякова «Беларуская думка».

Акрамя таго, намеснік прэм’ер-міністра Беларусі паведаміў, што па асноўных эканамічных паказчыках дасягнуты запланаваныя тэмпы росту. Так, па словах віцэ-прэм’ера, аднаўляецца стабільнасць і ў фінансавай сферы, палепшылася сітуацыя з выкананнем бюджэту.

Аднак, Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў Беларусі яшчэ ёсць пэўныя праблемы з выкананнем гадавых прагнозных параметраў па вытворчасці валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, а таксама росту інвестыцый у асноўны капітал і экспарту тавараў і паслуг.

Как вам новость?